Выдавецтва “Янушкевіч” анансавала выхад у беларускім перакладзе ананінмнай анегльскай паэмы канца XIV ст. “Сэр Гавейн і Зялёны Рыцар”, якая справядліва лічыцца адной з пярлін сярэднявечнай англійскай літаратуры. Ідзе папярэдні заказ, а старт продажаў запланаваны на 7 сакавіка.
Паэма шматкроць перакладалася не толькі на сучасную ангельскую, але і на іншыя еўрапейскія мовы. Дж. Р. Р. Толкін, найвядомейшы перакладчык паэмы, ставіў яе ў адзін шэраг з найлепшымі творамі “бацькі ангельскай паэзіі” Джэфры Чосера.
“Сэр Гавейн і Зялёны Рыцар” цікавы не толькі сваім зместам як выдатны рыцарскі раман, але і формаю, бо напісаны даўнім алітэрацыйным вершам з элементамі рыфмаванага ямба, а мова яго ўтрымлівае шмат дыялектызмаў і архаізмаў. На беларускую пераклаў твор Ігар Кулікоў, захоўваючы ўсе гэтыя асаблівасці. Адметнасць гэтага перакладу палягае яшчэ і ў тым, што выкананы ён непасрэдна з сярэднеангельскай мовы. Рэч у тым, што праз папулярнасць творчасці Дж. Р. Р. Толкіна многія пераклады гэтай паэмы робяцца не з арыгінала, а з Толкінавага перакладу на сучасную ангельскую. Такімі, напрыклад, з’яўляюцца польскі і ўкраінскі пераклады.
Акрамя ўласна паэмы, кніга змяшчае цэлую нізку артыкулаў, якія дапамогуць чытачу лепей зразумець і ацаніць гэты твор. Калі вы нічога не ведаеце пра артурыяну, тае бяды: першы артыкул у кнізе прысвечаны акурат ёй, і з яго вы даведаецеся і пра гісторыю з’яўлення легендаў пра Артура ды яго рыцараў, і пра асноўныя творы цыкла, і пра кароткі змест самых асноўных з іх. Калі вы нічога раней не чулі пра сярэднеангельскую мову, то другі артыкул дасць вам сякое-такое ўяўленне і пра яе, і пра тое, чым яна розніцца ад сучаснай ангельскай. Калі вас інтрыгуе, што такое “алітэрацыйны верш”, якім напісана паэма, то і пра гэта вы дазнаецеся з беларускага выдання паэмы: трэці артыкул кнігі ёсць вычарпальным дайджэстам ключавых сучасных манаграфій і дысертацый, прысвечаных алітэрацыйнаму вершу. Нічога падобнага, акрамя як па-ангельску, вы не знойдзеце. Урэшце, апошні, чацвёрты, артыкул тлумачыць, па якіх правілах рабіўся пераклад і чаму ён атрымаўся такі незвычайны (але не больш незвычайны за арыгінал!).

Афармленне кнігі — Настасся Пазняк.