Дакументальная проза Юлі Цімафеевай “Мінскі дзённік” неўзабаве мае выйсці ў перакладзе на нарвежскую мову. Гэта будзе сёмая мова, на якой пабачыць свет кніга.
“Урыўкі з “Minsk Diary” яшчэ ў 2021-м друкаваліся ў нарвежскім перакладзе Крыстыяна Кельструпа (Christian Kjelstrup) у часопісе “Samtiden”, але поўная версія з’явіцца толькі зараз”, тлумачыць у фэйсбуку Юля Цімафеева і дадае, што поўны пераклад адмыслова для выдавецтва H//O//F зрабіў Марцін Інгэбрыгтсэн (Martin Ingebrigtsen).
На сайце кнігарні Audiatur ужо адкрытая папярэдняя замова кнігі са зніжкай. Першыя жывыя прэзентацыі кнігі чакаюцца ў жніўні.