New York Times уключыла твор Алексіевіч у 100 найлепшых кніг 21 стагоддзя

Кніга “Час сэканд хэнд” беларускай Нобелеўскай лаўрэаткі Святланы Алексіевіч — трапіла ў рэйтынг The New York Times Book Review “100 найлепшых кніг ХХІ стагоддзя”, паведамляе Reform. Спіс складаўся па выніках галасавання 503 пісьменнікаў, паэтаў, крытыкаў, публіцыстаў, рэдактараў, выдаўцоў, перакладчыкаў.

“З усіх грандыёзных няўдалых эксперыментаў XX стагоддзя нешматлікія скончыліся больш бясслаўна, чым амбіцыйная імперыя, вядомая на працягу няпоўных сямі дзесяцігоддзяў як СССР. Гібель мары пра камунізм адлюстроўваецца ў вуснай гісторыі лаўрэаткі Нобелеўскай прэміі Алексіевіч і яе бясстрашным партрэце людзей, якія перажылі савецкую дзяржаву (ці не перажылі) — былыя зняволеныя, чыноўнікі Камуністычнай партыі, звычайныя грамадзяне ўсіх масцяў — гэта чытво, якое захапляе і адкрывае вочы”, — гаворыцца ў рэцэнзіі да пазіцыі нумар 72, дзе змясцілася кніга Святланы Алексіевіч.

Фота: amazon.com

Рэйтынг публікуецца часткамі, на сёння The Book Review апублікаваў назвы 59 кніг са 100 (з 100 па 41 месца): цягам тыдня выданне штодня выкладвае 20 твораў, якія трапілі ў рэйтынг.

The New York Times Book Review прапануе чытачам рэйтынгу крыху інтэрактыўнасці. Пасля кожнага твору, якія трапіў у спіс, можна выбраць опцыі: чытаў кнігу ці не чытаў. У першым варыянце чытачу раіцца блізкі па тэме літаратурны твор, у другім — набыць кнігу на розных лічбавых пляцоўках.

Пазнаёміцца з актуальным рэйтынгам можна тут.