“Мяне няма” выпускае прозу Колі Сулімы — перадзамова

У выдавецтве “Мяне няма” выходзіць кніга літаратара Колі Сулімы “Веласіпедная вуліца, 51”. Цяпер кнігу можна перадзамовіць праз сайт выдавецтва, або на Allegro. Рассылка чытачам плануецца 25 лістапада.

Коля Суліма нарадзіўся і жыў ў Менску. Там ён працаваў аўдытарам, пісаў вершы і ладзіў паэтычныя фэсты. Потым пераехаў у Каліфорнію, каб стаць бухгалтарам, усё кінуць і рабіць публістыстыку для Metropol, Knife і KyKy. Цяпер піша прозу і жыве ў Берліне.

“Веласіпедная вуліца, 51” — кніга пра яго (і Колю, і Берлін). Сем раёнаў і сем арэндных кватэраў — гэты тэкст, кажа аўтар, як аўтобус, што вязе людзей па горадзе. У вокнах — моднікі, бамжы і вар’яты. У паветры — тытунь, шмаль і карывурст.

“Колькі каштуе ў Германіі шкляная тара, а колькі алюмініевая? Як выглядае пратэз вока? Як унікнуць вар’ятні, сутыкнуўшыся з нямецкай бюракратыяй? Чым пахне на Леапольдпляц? На ўсе гэтыя раптоўныя пытанні тут ёсць адказы”, — запэўнівае анатацыя.