Актор, а з нядаўняга часу яшчэ і аўтар казак, Аляксандр Ждановіч, вядомы як Маляваныч, агучыў спецыяльна для ініцыятывы “Кніжны Воз” новую дзіцячую кнігу. Навінка на сайце “Кніжнага Воза” — «Чарадзейны крышталь, або Нечаканы госць» Вольгі Шчукінай.
24 чэрвеня Аляксандр Ждановіч адзначыў 60-гадовы юбілей. Віншуем!
«Чарадзейны крышталь, або Нечаканы госць» Вольгі Шчукінай — гэта казка пра Мараша, маленькага ведуна з суседняга сусвету, і пра дзесяцігадовых Светку і Віцьку з Менска.
Светка дужа самастойная дзяўчынка, захапляецца дэльтапланамі. Віцька — ейны сябрук з двара. Аднойчы ў пакоі Светкі рассоўваецца сцяна і з’яўляецца маленькі хлопчык з кацінымі вусамі. З’яўляецца ён, каб адшукаць чарадзейны крышталь, які сам і згубіў у нашым свеце. Было гэта ажно 25 год таму. Ён найважнейшы чалавек у сваёй краіне, і без чарадзейнага крышталя яна ў бядзе.