“Na brzegu innego czasu” (“На беразе іншага часу”) — так называецца зборнік вершаў беларускага паэта, празаіка і папулярызатара гісторыі Уладзіміра Арлова, які мае выйсці ў чэрвені ў польскім выдавецтве PIW (Państwowy Instytut Wydawniczy) . Вершы выбраў і перастварыў па-польску знакаміты паэт і перакладчык Богдан Задура.
«Я доўга думаў, як назваць гэтую кнігу. Усе варыянты, якія прыходзілі мне ў галаву, былі па-свойму прывабнымі і адлюстроўвалі нейкую важную рысу паэзіі Арлова: “Ліст начальніку турмы” ўказваў на пастаянна прысутную ў ім тэму свабоды і яе каранёў у гісторыі. Верш “Мая любая складаецца з шуфлядак” падкрэсліваў бы сюррэалістычны характар зборніка, які добра спалучаўся б з анірызмам, падкрэсліваў бы іронію і самаіронію, а таксама эратызм многіх вершаў. “Вялікдзень”, як адзін з найпрыгажэйшых, на мой погляд, вершаў у гэтым томе, відавочна, заслугоўвае быць назвай цэлага. А “Інданэзія”? Ці не было б заманліва і дзіўнавата так назваць зборнік вершаў беларускага паэта? […] Бо паэзія Арлова — гэта і пра Беларусь, і пра астатні свет, пра мінулае, і пра пазнанне сучаснага мастацтва і масавай культуры. Узгадайма, напрыклад, цытаты з “Бітлз” ці Ціны Тэрнэр, якая з’яўляецца у паэме “Астатняе каханне дзядулі Хведара”», — разважае ў пасляслоўі перакладчык і ўкладальнік Богдан Задура.