Хадановіч знаёміць з важнымі творамі літоўскай літаратуры

У новым выпуску на сваім YouTube-канале выкладчык і паэт Андрэй Хадановіч расказвае пра знакавыя творы літоўскай літаратуры, якія проста цяпер можна чытаць у перакладзе на беларускую мову.

Беларусь і Літва – геаграфічныя суседзі, і ў нас шмат агульнага: гістарычная блізкасць, блізкасць культуры і тэмпераментаў, а таксама літаратура, лічыць Андрэй Хадановіч і дадае, што чытанне літоўскай літаратуры ў беларускіх перакладах развівае і ўзбагачае нашую беларускую культуру.

Рычардас Гавяліс “Віленскі покер“
Раман – грунтоўнае нонканфармісцкае даследаванне Вільні часоў застою. Галоўны герой – бібліятэкар і ветэран савецкага лагеру заўважае, што навокал з’яўляецца ўсё болей людзей, пазначаных усеагульнай млявасцю і абыякавасцю да жыцця, людзей, якія тупеюць, чые вочы згасаюць – гэткая ўсеагульная зомбіфікацыя. Герой называе такіх хворых людзей “канукамі“. Герой праз застойна брэжнеўскую оптыку ўглядаецца ў папярэднія гістарычныя слаі гораду-палімсэсту Вільні.

Томас Венцлава “Выбраныя вершы“
Томас Венцлава, мабыць, найвядомейшы ў свеце літоўскі паэт. Яго кніжная навінка па-беларуску ў 2019 годзе прэзентавалася на фестывалі “Pradmova“ з удзелам самога аўтара, які спецыяльна прыехаў у Менск і выступаў там разам са сваімі перакладчыкамі Лявонам Баршчэўскім, Алесем Разанавым і Андрэем Хадановічам.

Антанас Шкема “Белы саван“
Раман, які шмат у чым аўтабіяграфічны: аўтар пазычае для галоўнага героя сваё імя – Антанас, пазычае сваю прафесію – ён працуе ў нью-ёрскім гатэлі ліфцёрам. Кніга мае нелінейную будову: мы апынаемся то ў сучаснасці, то ў далёкім мінулым. Амерыканская сучаснасць – гэта тупая манатонная ліфцёрская праца, востра прыпраўленая любоўнымі перажываннямі. Яшчэ адзін важны план аповеду – нататкі Антанаса Гаршвы. Ён як бы вяртаецца ў маладосць, у найважнейшыя кропкі свайго жыцця, дзе згадвае сям’ю, эксцэнтрычнага бацьку, ваенныя выпрабаванні, лагер для перамешчаных асобаў і адносіны з іншымі прадстаўнікамі літоўскай культуры.

Юргіс Кунчынас “Туўла“
Героя “Туўлы“ немагчыма пераблытаць ні з кім. Ён нонканфарміст савецкіх застойных часоў, герой, у якога з савецкай уладай эстэтычныя нестыкоўкі, герой, для якога алкагольныя заплывы, размытасць нецвярозай оптыкі ў поглядзе на свет робяцца свайго роду ўнутранай эміграцыяй, спробай выйсці ў сваё шчаслівае вымярэнне, дзе ў сіле законы магічнага рэалізму, дзе герой можа ўзяць і ператварыцца ў кажана, што дае яму адначасова праклён і прывілею палёту над любай Вільняй – горад, у які ён закаханы настолькі ж, як і ў сваю Туўлу.

Чытаем літоўскую літаратуру ў беларускіх перакладах і, такім чынам, развіваем сваю беларускую культуру.