Актуальны бэстсэллер ад Янушкевіча — перадзаказ

Выдавецтва “Янушкевіч” анансавала выхад 15 сакавіка актуальнага міжнароднага бэстсэллера ў перакладзе на беларускую мову. Гаворка пра раман сатырычны літаратурны трыллер Рэбэкі Кван (Rebecca F. Kuang) “Елаўфэйс”, які пабачыў свет у ЗША ў 2023 годзе.

Анатацыя:
Афіна Лю — літаратурная зорка, а Джун Хэйвард — літаральна ніхто.

Калі Афіна гіне ў выніку няшчаснага выпадку, Джун крадзе яе неапублікаваны рукапіс і публікуе як свой уласны пад двухсэнсоўным іменем Джуніпер Сонг. Але калі доказы пачынаюць пагражаць яе скрадзенаму поспеху, Джун разумее, як далёка гатова зайсці, каб утрымаць тое, што лічыць заслужаным. Што здарыцца далей — безумоўна, віна ўсіх астатніх.

“Елаўфэйс” — вострасатырычны, напружаны і бязлітасны раман пра прысваенне чужой ідэнтычнасці, расавае пытанне ў сучаснай літаратуры і цёмны бок кніжнага бізнэсу. Гэта гісторыя, якая прымушае задумацца: хто сапраўды мае права расказваць тыя ці іншыя гісторыі?

Пераклад кнігі зрабіла Наста Карнацкая, якая раней дэбютавала ў якасці перакладчыцы з раманам “Ззянне” Стывена Кінга, што летась выйшаў у выдавецтве “Янушкевіч”.

Папярэдні заказ на кнігу “Елаўфэйс” Рэбэкі Кван працягнецца да 11 сакавіка ўключна. Высылка папярэдніх заказаў пачнецца 14 сакавіка, а старт продажаў 15 сакавіка.