Янушкевіч перавыдае “Дзяцей Аліндаркі” Бахарэвіча

Выдавецтва “Янушкевіч” анансавала перавыданне раману Альгерда Бахарэвіча “Дзеці Аліндаркі” з нагоды 10-гадовага юбілею кнігі ў новым афармленні. Першае выданне выйшла ў 2014 годзе ў выдавецтве “Галіяфы” з вокладкай Кацярыны Дубовік.

Аўтар твору Альгерд Бахарэвіч прыгадаў у facebook ягоны лёс: “Атрымаў прэмію “Кніга году” і 3-ю прэмію Гедройця. Быў абраны Velcom для праекту Movabox. Потым выйшаў у францускім перакладзе Алены Лапатнёвай у Парыжы, у выдавецтве Le ver a soie. Потым у перакладзе Джыма Дынглі і Пэтры Рыд у брытанскім Scotland Street Press. А ў 2022 легендарнае амэрыканскае выдавецтва New Directions купіла правы на амэрыканскае выданьне. Пасьля гэтага на кнігу выйшла нямала рэцэнзій у ЗША, ды і ў Аўстраліі мяне прэзэнтавала менавіта гэтая кніжка. Апошнія гады яе можна было знайсьці ў многіх ангельскамоўных кнігарнях па ўсім сьвеце. Нават у віленскай “Eureka””.

Героі кнігі — беларускамоўныя дзеці, пацыенты загадкавай установы пад назваю Лагер. Як сучасныя Гэнзэль і Грэтэль, яны трапляюць у цёмны лес, дзе іх чакаюць зусім не дзіцячыя прыгоды. Казка, сатыра, антыўтопія — кнігу можна аднесці да кожнага з гэтых жанраў, але яна ўсё роўна застанецца кнігай пра нас, тых, хто жыве тут і цяпер.

Старт продажаў — 10 снежня.

А таксама Альгерд Бахарэвіч запрашае на анлайн-сустрэчу. 26 лістапада ў 19:00 паводле цэнтральнаеўрапейскага часу аўтар паразмаўляе ў жывым эфіры на ўласным Youtube-канале з усімі ахвотнымі чытачамі пра літаратуру і не толькі. “Гэта даволі новы для мяне фармат, але, спадзяюся, усё атрымаецца. Каму цікава — у камэнтарах пад гэтым пастом можна задаваць любыя пытаньні, адказы на якія будуць агучаныя падчас стрыму. Веру, што пабачымся”,падзяліўся ў фэйсбуку аўтар.