Выдавецтва Połackija Łabirynty анансавала выхад кнігі Аляксандра Фядуты «Лексікон “Каласоў пад сярпом тваім”».
Аўтар пісаў гэтую кнігу, калі знаходзіўся ў следчым ізалятары КДБ. Часу было шмат, каб паразважаць і адказаць на самыя важныя пытанні: хто ты, навошта жывеш і як ты жывеш. Але размаўляць са следчым на гэтыя тэмы не выпадае. Усё будзе занатавана ў пратаколе і стане часткай абвінаваўчага акта супраць цябе. Таму патрэбны іншы суразмоўца.
Ім і стаў для Аляксандра Фядуты Уладзімір Караткевіч. А нагодай для дыялогу з пісьменнікам быў галоўны раман Караткевіча “Каласы пад сярпом тваім”.
Выдавецтва дзякуе за дапамогу ў выданні гэтай кнігі Фундацыі імя П. Крачэўскага і Фонду культуры і адукацыі Орса-Рамана.
Старт продажаў кнігі — на Міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве ў 28—31 траўня. А проста цяпер можна заказаць кнігу на Allegro.






