Пісьменьнік і журналіст Сяргей Дубавец у новым падкаст-праекце спецыяльна для сайта Bellit.info працягвае апавядаць пра Вільню і ейнае месца на беларускай літаратурнай мапе. Выпуск даступны ў звыклым аўдыяфармаце, а таксама ў тэкставай версіі.
Можна слухаць на soundcloud.com, а неўзабаве таксама на Spotify, Apple Podacst, Podcast Index, Listen Notes.
2. Крывы горад нябесны
Гэта ўвогуле нечаканая зьява, калі пранізьлівую праўду пра сябе і пра народ, да якога належыш, даведваесься не са школьных падручнікаў ці мэтадычак дзяржаўнае ідэалёгіі, а з паэзіі. І такая праўда звычайна агаломшвае. Трэба толькі яе расчытаць. А мы з вамі якраз на шляху гэтага расчытваньня пра беларускі лёс, які ўсё ніяк не складзецца ў цэльную карціну. Такое тармажэньне мы схільныя сьпісваць на зьнешнія сілы, маўляў, ціснуць яны на нас, прыгнятаюць, наўмысна замоўчваюць ці пераблытваюць усе лягічныя лініі. Гэта сапраўды так, але дзе тут мы самі, наша ўласная воля? Словам, павінна быць і ўнутраная прычына.
У новай Анталёгіі беларускай паэзіі пра Вільню, пра якую я пачаў размову ў мінулым выпуску, мы з вамі ўжо дакапаліся да першых высноваў.
Народжаная ў Вільні ідэя сучаснай беларускай нацыі пры перавозе яе ў Менск у сакавіку 1918 году парадаксальным чынам не сустрэла там дабрадайнае глебы. Вядома, час войнаў, акупацыяў і безупыннае зьмены ўладаў… Але такі самы той час быў і ў Вільні. Тым ня менш, разам зь беларускай ідэяй у Менск не пераехала беларуская воля, яна не перадалася ўсёй нацыі, не ўсьвядомілася ў выглядзе нацыянальных інтарэсаў, а засталася там, дзе і нарадзілася — у Вільні. І далей — аж да сёньняшняга дня калі беларуская воля і падсілкоўваецца ў Беларусі, дык нязьменна зь месца свайго нараджэньня. Фігуральна кажучы, Вільня і ёсьць той беларускі „клёк у галаве“, якога ў Менску бракуе. І гэта ня горад як фізычны аб’ект, а ўласна напрацаваная вякамі беларуская энэргія.
Але калі ж гэта ўсё пачалося? Маю на ўвазе гэтую энэргію, і чаму яна ўзьнікла менавіта ў Вільні.
Паводле ўяўленьняў гісторыкаў, горад узьнік на мяжы беларускай і літоўскай земляў, славянскіх і балцкіх плямёнаў, як месца сілы, як цігель, дзе гэтае спалучэньне народаў прыводзіла да ўспышак шматлікіх энэргіяў, у тым ліку і творчых, і нацыятворчых. Пры тым кожнае племя займала сваю адметную частку гораду. Славянскае, а гэта, нібыта, былі полацкія крывічы, займала верхнія паверхі ў Віленскім будынку, а балцкае — ніжнія, прыблізна ў раёне цяперашняга Катэдральнага сабору, дзе тады гарэў сьвятарны агонь.
Я нават адшукаў дакладнае месца, дзе і сёньня можна адчуць гэтую энэргію, а час быццам перастае існаваць. Трэба справа ад славутага касьцёлу сьвятой Ганны ўвайсьці ў Бэрнардынскі сад і праз парк крочыць проста наперад, да рэчкі Вілейкі. Раптам спыніцца і паглядзець ў неба. Наперадзе і ўгары перад вачыма сьцяною ўстане супрацьлеглы бераг рэчкі — круты і высокі, на якім, дзесьці над галавой будуць відаць будынкі віленскага Зарэчча. Дзесьці ў гэтым месцы і ўзьнікае адчуваньне пазачасься. Недзе там жыве сваім жыцьцём Крывы горад, так ён называўся даўней, да таго, як стаў называцца Вільняй.
Дзіўны сымбіёз балтаў і славян стане цэнтрам сярэднявечнай дзяржавы — Вялікага Княства, а таксама — фэномэнам самой Вільні. Ён у гісторыі выглядае амаль казачна, хоць і цалкам пацьверджаны археолягамі. Менавіта гэты фэномэн выпрацоўваў і фармаваў беларускую энэргію, якой яна ёсьць, на працягу многіх стагодзьдзяў. Аж да таго сакавіка 1918 году, калі ў Менск, новую сталіцу, гэтая энэргія не пераехала, як ні старалася. „Сэрца краю“ са свайго месца нараджэньня ў Менск не імплантавалася.
Натуральна, на тое было шмат прычын, якімі звычайна гэта ўсё і тлумачаць. Але мы з вамі дамовіліся, што будзем шукаць тыя прычыны найперш у паэзіі і ў сабе. Ня кожны горад можа вось так узяць і прыняць тытул сталіцы ад іншага гораду, які быў сталіцай на працягу 500 гадоў. Сталіцай апетай і ўслаўленай у сьвеце, якой была Вільня. На гэта патрэбны мірны час і вялізная праца новых нацыянальных элітаў. У Менску такога часу практычна не было, а эліты, што толькі зьявіліся былі ў 1920-я гады, ужо ў 1930-я былі цалкам фізычна зьнішчаныя бальшавікамі. І на месца іх прыйшлі расейскія і прарасейскія камісары, зусім не эліты, бо былі яны антыбеларускімі. І далей, да сёньняшняга дня, калі зьяўляецца ў Менску хоць нейкая беларуская актыўнасьць і воля, дык у ёй нязьменна відаць віленскі сьлед. Храналягічна бліжэй да сёньняшніх дзён у нашай Анталёгіі беларускай паэзіі мы абавязкова пагаворым пра гэта. А пакуль я працягну храналёгію віленскай мінуўшчыны ад часоў, калі Крывы горад уласна і стаў Вільняй.
У тым фэнамэнальным балта-славянскім спалучэньні, вядома, шмат рацыянальна невытлумачальных загадак і таямніцаў — як у кожнага цэнтру сілы.
З пачаткам пісьмовай гісторыі мы атрымліваем і першую згадку сучаснага гораду. У 1323 годзе ў лісьце вялікага князя Гедыміна горад зьяўляецца ўжо як сталіца Вялікага Княства і як Вільня.
Шырока вядомая легенда, якім чынам гэта адбылося. Уладзіслаў Сыракомля піша, што Гедымін паляваў між парослых лесам віленскіх узгоркаў, тутсама заначаваў і прысьніў сон з ваўкамі і нараніцу паклікаў свайго жраца Ліздэйку, каб патлумачыў сон. Той апавёў, што сон прарочы і падказвае, што на гэтым месцы мусіць быць вялікі горад, сталіца краю, і называцца горад павінен Вільня. Цікава, што Сыракомля, вялікі аматар слыннага роду Радзівілаў, ставіць у легендзе адмысловую кропку. Маўляў, за тое што Ліздэйка прадказаў Вільню або „радзіў Вільню“, стаў ён менавацца Радзівілам. Ну і такім чынам пачаўся гэты знакаміты род.
Легенда шмат разоў апісваецца ў беларускай паэзіі. Сярод вершаў вылучаецца твор 1910 году „Замкавая гара“ Янкі Купалы, як на маё ўяўленьне, падкрэсьлена „несур’ёзны“.
Над Вяльлёй-ракой,
Па гары крутой
Туман сьцелецца;
Нi то лом-ламок,
Нi то дом-дамок
Там вiднеецца.
Слаўны Гедымiн,
Князь Лiтвы — лiтвiн,
Душа чынная,
Многа лет таму
Ў гэтым жыў даму,
Жыў з дружынаю.
Горда мур глядзеў
На зямлю, як леў,
Сьцяной крэпкаю;
Не адной бiтвы
Тут сыны Лiтвы
Былi сьведкаю.
Сышоў век, другi,
I князi, багi,
Ўсё лiтоўскiя,
Уцяклi зь зямлi,
I дзянькi пайшлi
Не такоўскiя.
Як катух ля кур,
Дрэмле пусткай мур,
Цэгла валiцца;
Нават гнёзды вiць
Птушка не ляцiць, —
Знаць, пужаецца.
Адно йдуць сюды
З гарадзкой нуды
Адказелiцца
Бедната i „знаць“ —
Вiды аглядаць,
Што ў ног сьцелюцца.
Ды як згасьне дзень,
Ночкi ляжа цень
Над дамочкамi,
Людзкiх шэптаў тут
Повен кожны кут
Пад кусточкамi.
А сiвою мглой
Па гары крутой
Туман сьцелецца;
Нi то лом-ламок,
Нi то дом-дамок
Там вiднеецца.
Можна дапусьціць, што Янка Купала пісаў гэты верш у рэстаране, будучы ў стане раздражненьня і фрустрацыі. І ня так важны быў зьмест, колькі настрой паэта, расчараванага ўсім гэтым навакольным парадкам рэчаў. У паэта ёсьць віленскія вершы, дзе ён адкрыта кпіць з багемнага жыцьця. Да прыкладу, у рэстаране „Шуман“ Купала годам раней піша аднайменны верш, дзе выплёсквае свае эмоцыі ўжо і на саму Вільню:
Ці то летам, ці зімою
Сып да „Шумана“, друг мой! —
Там расстанецца з нудою,
Хто з кішэняй непустой.
„Шуман“ — Вільні кроў і косьць,
Быў і будзе, як і ёсьць.
Рэжа музыка ахвоча,
Песьні, гоман — заадно,
Страва, карты, хто што хоча,
Льлецца рэчкаю віно.
„Шуман“ — Вільні кроў і косьць,
Быў і будзе, як і ёсьць.
Там сабой таргуюць дзеўкі.
Бацька, сын купляе іх;
Там хватаныя капейкі
Пераводзяцца уміг.
„Шуман“ — Вільні кроў і косьць,
Быў і будзе, як і ёсьць.
Цешся, горад! Што там знача
Вёска з голадам, зь бядой?
Хтось там стогне, хтось там плача —
Плюй, махай на ўсё рукой!
„Шуман“ — Вільні кроў і косьць,
Быў і будзе, як і ёсьць.
Хто ў казіны рог ня зьехаў,
Хто з сумленьнем — справу знай:
Гэй, да „Шумана“ на ўцеху —
Ўтапіць долю, славу, край!
„Шуман“ — Вільні кроў і косьць,
Быў і будзе, як і ёсьць.
Словам, нейкім чынам у гэтую падборку саркастычных вершаў патрапіла і „Замкавая гара“, папала, што называецца, пад гарачую руку. І трэба сказаць, што гэта беспрэцэдэнтныя ў Анталёгіі вершы. Яны ў большай ступені фіксуюць аўтарскі настрой, чым іншыя творы, якія ўпару назваць „сур’ёзнымі“.
Напрыклад, аўтарства Якуба Коласа, які ў паэме „Новая зямля“ робіць адметнае апісаньне гораду, аднак, ніколі не выяўляе, чым уласна для яго ёсьць Вільня, хоць адчуваньне спрадвечнасьці прамільгвае нават у ягоным краявідзе:
Агромны горад, цесна зьбіты,
Ўвесь блескам сонейка заліты,
Займаў узгоркі і нізіны;
Дамы стаялі, як віціны,
То ўдоўж, то ўпоперак радамі,
То закрываліся садамі
Або дзе ўзгоркам крутабокім;
А дзе васпанам адзінокім,
Расьцерабіўшы сабе пляц,
Як горды пан, стаяў палац.
Будынкі цесна ў рад стаялі,
Як бы адны другіх трымалі
У часе нейкай небясьпекі
І асталіся так навекі.
Ад апошніх радкоў мне проста патыхнула духам антычнасьці. І як тут не згадаць даўнюю мэтафарычную назву Вільні — Паўночныя Атэны. Па-літоўску гэта Šiaures Atenai. Між іншым, так называецца культуралягічны тыднёвік, дзе ў 1990-я гады быў надрукаваны верш Максіма Багдановіча „Пагоня“ па-літоўску і ў арыгінале. Здаецца, яшчэ да Лукашэнкі тое было, у залатыя гады беларуска-літоўскае супрацы, пра якія мы таксама яшчэ пагаворым. Сёньня ў Беларусі назва Паўночныя Атэны прыжыўляецца да маёнтка Агінскіх у Залесьсі пад Смаргонямі.
Вершаў пра Вільню ў Зьмітрака Бядулі — на цэлую асобную кнігу. Ёсьць тут і „Жалезны воўк“, і „На замкавай гары“ — пераказ легенды пра Гедыміна, „Віленскія помнікі“ ды іншыя. Збольшага гэта імпрэсіі, часам нават эскізы, накіды, пераказы. Для нас тут важна, што гэта ўсё яшчэ „Нашаніўская пара“ і тое, што, кажучы пра Вільню, паэты кажуць пра „горад увогуле“, няхай сабе і самы важны.
Яшчэ адзін пасьля Замкавай гары віленскі аб’ект у беларускай паэзіі — Вострая Брама. Упершыню пра яе ўспамінае ў сваім вершы яшчэ ў 1914 годзе ксёндз Андрэй Зязюля, а ў 1917-м да Вострай Брамы зьвяртаецца ў сваёй „Пагоні“ Максім Багдановіч і адгэтуль Брама займае сталае месца ў беларускіх вершах пра Вільню.
Адносіны да „гораду ўвогуле“ зьменяцца ў 1918-м годзе, калі зьявіцца праграмны артыкул Антона Луцкевіча „Два цэнтры“, які вызначыў месца Вільні ў беларускім сьветапоглядзе (пра што я расказваў мінулым разам). Там прагучаў адказ на пытаньне, якога раней не задавалі: што значыць Вільня для мяне, як для беларуса і паэта, і што я да яе адчуваю.
Першы такі верш на новай паэтычнай прыступцы належыць пяру Францішка Аляхновіча і зьявіўся ў 1919 годзе. Аляхновіч — віленчук ад нараджэньня — пра гэта і напісаў. Верш называецца „Ты, Вільня, мяне ўзгадавала“. Аўтар па-свойму спрабуе зразумець, якія ў яго асабіста зь Вільняю дачыненьні. І тут усё ня так проста. Вільню ён называе то маці, то мачыха.
Ты, Вільня, мяне ўзгадавала,
Тут сьніў я дзіцячыя сны!..
Хоць мне была мачыхай Ты,
Душы маёй боль задавала,
З-за вугла каменьне кідала
Зь нязнанай, мо братняй рукі,
І чару ад вусн адбірала,
Хаця уміраў я ад смагі,
І ў чару ту горыч ўлівала
І піць мне яшчэ падавала, —
Хоць мачыхай мне была Ты,
У сэрцы маім шмат любві…
Люблю за тваю Цябе долю,
Што сумная страшна была…
Ты пражыла шмат многа болю,
Ты сама няшчасна, як я.
Ня раз груганоў чорны хвалі
Ты бачыла, Вільня мая,
Як лапаталіся ўдалі,
Ажно дрыгатала душа…
І тут — увага!
Ты — бедная родная маці,
У сэрцы тваім боль-туга…
Уцеху калі нам спазнаці?
Калі згіне гора-бяда?..
За ўсе твае мукі нядолі
Люблю Цябе я яшчэ болей…
За радасьць вясеньніх усьмехаў,
Як сонейка блісьне з-за хмар, —
Мінуўшчыны прожытых рэхаў,
Што думы нам веюць на твар, —
За долю-нядолю тваю,
За коратку ўцеху вясны, —
Хоць мачыхай мне была Ты, —
Цябе, мая Вільня, люблю!..
Істотна, што віленчук Аляхновіч быў усьвядомленым беларусам і таму, верагодна, сутыкаўся з рознымі бытавымі сытуацыямі ў дачыненьнях з прадстаўнікамі іншых нацыяў у шматнацыянальным горадзе зь яшчэ нявызначаным сваім уласным мадэрным нацыянальным лёсам. Аляхновіч, верагодна, зь дзяцінства мог адчуваць сябе ізгоем, як беларус, у вершы прыходзіць да разуменьня, што такой самай ізгойкай можа пачувацца і сама Вільня, што ў іх у гэтым сэнсе агульны лёс. І калі раней дыскрымінацыйныя канфлікты ён мог успрымаць як варожасьць самога гораду для сябе, а таму і называў Вільню мачахай, дык цяпер прыходзіць да высновы, што яна насамрэч такая, як ён сам, бо яна насамрэч — маці.
Такім чынам у паэзіі зьяўляюцца прыватныя пачуцьці беларусаў да самой Вільні. Наступныя творы так ці інакш не прамінуць гэтага матыву.
Тым часам, пакуль Аляхновіч думае пра гэта, 9 кастрычніка 1920 году ў Вільню ўваходзіць 1-я Літоўска-Беларуская дывізія Польскага войска пад камандай генэрала Люцыяна Жалігоўскага. Дывізія займае Вільню, абвяшчаецца стварэньне незалежнай квазідзяржавы пад назвай Сярэдняя Літва. Неўзабаве гэтая Сярэдняя Літва будзе далучаная да Польшчы. І далейшае існаваньне беларусаў, якія толькі нядаўна вызваліліся ад расейскіх уплываў, будзе адбывацца ў атмасфэры ўплываў польскіх. На ўсе наступныя 20 гадоў. І гэта будзе адзін з найбольш плённых пэрыядаў у Анталёгіі беларускай паэзіі пра Вільню. Але пра гэта — наступным разам.