15 лістапада 2025 году ў Гданьску ў Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Europejskie Centrum Solidarności, pl. Solidarności 1) будуць агучаныя вынікі конкурсу і адбудзецца цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі імя Ежы Гедройця. На працягу ўсяго дня ў праграме запланаваны дадатковыя падзеі прэміяльнага сезону: сустрэчы з аўтарамі і аўтаркамі, дыскусіі пра свабоду слова, пераклады і выданне беларускай літаратуры, кніжны кірмаш і выстава кніг, забароненых у Беларусі.
Прэмія імя Ежы Гедройця – найважнейшая незалежная літаратурная ўзнагарода Беларусі, якая прысуджаецца з 2012 годц. Сёлета журы выбірае тры найлепшыя празаічныя або дакументальныя кнігі, выдадзеныя ў 2024 годзе.
Праграма

11:30–12:00
Belarus Banned Books | адкрыццё выставы
Кнігі, якія спрабавалі прымусіць маўчаць, ізноў загавораць.
На выставе будуць прадстаўлены лісты, гісторыі і біяграфіі аўтараў, а таксама публікацыі, якія апынуліся пад цэнзурай. Гэта гісторыя пра рэпрэсіі супраць культуры ў Беларусі і пра Людзей Слова, якіх спрабавалі выкрасліць.
Экспазіцыя падрыхтавана на трох мовах: ангельскай, беларускай і польскай.
Выстава адкрыта для наведвання з 10:00 да 21:00.
/ зімовы сад (першы паверх)
/ уваход вольны
12:00–21:00
Кірмаш беларускай і польскай кнігі
На кірмашы можна будзе набыць як беларускую, так і польскую літаратуру – у тым ліку кнігі фіналістаў сёлетняй прэміі Гедройця і беларускія кнігі ў польскіх перакладах.
/ зімовы сад (першы паверх)
12:00–13:00
Пераклады, якія яднаюць. Беларуская літаратура ў польскіх выдавецтвах | дыскусія
У размове возьмуць удзел старшыня Беларускага ПЭНа Таццяна Нядбай, перакладчыца беларускай літаратуры на польскую мову Яанна Бэрнатовіч і кіраўнік калегіума Усходняй Еўропы ва Уроцлаве Лаўрынас Вайчунас. Госці пагавораць пра прысутнасць беларускай літаратуры ў Польшчы, пра складанасці яе выдання і магчымасці шырэйшага распаўсюду.
Сустрэчу правядзе Таццяна Нядбай – паэтка, праваабаронца, старшыня Беларускага ПЭНа.
/ шматфункцыйная зала (першы паверх)
/ сустрэча на польскай мове
/ уваход вольны
13:10–13:50
Дзіцячая імперыя на ўскрайку савецкай улады | аўтарская сустрэча
Госць сустрэчы – Зміцер Дзядзенка, беларускі пісьменнік, эсэіст і журналіст, аўтар рэтра-крыміналаў, эсэ, гістарычных і кулінарных тэкстаў. У сваіх творах ён спалучае гістарычную рэфлексію, гумар і сацыяльна-палітычны каментар. Фіналіст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2025, аўтар кнігі «Гульні Цырцэі».
Сустрэчу правядзе Яраслаў Іванюк – беларускі журналіст, заснавальнік беларускай інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.org.
/ шматфункцыйная зала (першы паверх)
/ сустрэча на беларускай мове
/ уваход вольны
13:55–14:35
Рэдкая астранамічная з’ява чалавечага паразумення | аўтарская сустрэча
Госця сустрэчы – Анка Упала, беларуская пісьменніца, перакладчыца і выдаўца, сузаснавальніца жаночага выдавецтва Pflaŭmbaŭm. Фіналістка літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2025, аўтарка кнігі «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў».
Сустрэчу правядзе Кася Чэкатоўская – беларуская драматургіня, акторка.
/ шматфункцыйная зала (першы паверх)
/ сустрэча на беларускай мове
/ уваход вольны
14:40–15:20
Афрыканская выспа і архіпелаг Беларусь | аўтарская сустрэча
Госць сустрэчы – Сяргей Дубавец, беларускі журналіст, пісьменнік, выдавец газеты «Наша Ніва» ў 1991–2000 гадах. Доўгія гады звязаны з «Радыё Свабода». Яго творчасць спалучае рэпартаж, публіцыстыку і літаратуру факту. Фіналіст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2025, аўтар кнігі «Занзібар: сталеньне маладой душы».
Сустрэчу правядзе Сяргей Кавалёў – літаратуразнаўца, крытык, драматург.
/ шматфункцыйная зала (першы паверх)
/ сустрэча на беларускай мове
/ уваход вольны
15:25–16:05
Свет, які вымяраўся хвалямі. Частата – 1188 кГц, амплітуда – Свабода | аўтарская сустрэча
Госць сустрэчы – Аляксандр Лукашук, беларускі журналіст і рэдактар, шматгадовы дырэктар Беларускай службы «Радыё Свабода», аўтар дакументальных кніг і фільмаў, адзначаных узнагародамі ў Беларусі і за яе межамі. Фіналіст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2025, аўтар кнігі «Там, дзе няма цемнаты. Радыё Свабода».
/ шматфункцыйная зала (першы паверх)
/ сустрэча на беларускай мове
/ уваход вольны
16:10–16:50
Загадкі беларускага Сфінкса | аўтарская сустрэча
Госця сустрэчы – Югася Каляда, беларуская пісьменніца і паэтка, нарадзілася ў Гомелі, з 2021 года жыве ў выгнанні ў Вільні. Фіналістка літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця 2025, аўтарка кнігі «Перамена месцаў».
Сустрэчу вядзе Андрэй Хадановіч – паэт, перакладчык, літаратуразнаўца.
/ шматфункцыйная зала (першы паверх)
/ сустрэча на беларускай мове
/ уваход вольны
17:00–18:30
Голас пакалення свабоды | дыскусія з лаўрэатамі прэміі і прэзентацыя электроннай кнігі
Прэміяй «Голас пакалення свабоды» былі ўганараваны 18 выбітных прадстаўнікоў і прадстаўніц беларускай літаратурнай, журналісцкай і праваабарончай супольнасці, якія пасля 2020 года былі вымушаны пакінуць краіну, але працягваюць сваю творчасць і грамадскую дзейнасць у выгнанні.
Падчас сустрэчы мы пазнаёмімся з шасцю лаўрэатамі і лаўрэаткамі, якія падзеляцца асабістымі гісторыямі, досведам выгнання і развагамі пра свабоду слова. Гэта нагода пачуць голас пакалення, што не страціла веры ў свабоду і годнасць.
Таксама будзе прадстаўлена электронная кніга «Голас пакалення свабоды» – зборнік інтэрв’ю з лаўрэатамі прэміі.
У дыскусіі возьмуць удзел:
Зоя Белахвосцік | акторка тэатра і кіно
Аляксандр Капуцкі | грамадскі дзеяч, праваабаронца
Аляксандр Класкоўскі | журналіст, грамадскі дзеяч
Тамара Мацкевіч | педагог, грамадская актывістка
Уладзімір Мацкевіч | філосаф, грамадскі дзеяч
Андрэй Завадскі | эксперт у мясцовым самакіраванні, праваабаронца
/ аўдыторыя (першы паверх)
/ сустрэча на беларускай мове з сінхронным перакладам на польскую
/ анлайн-трансляцыя: youtube.com/@PENBelarus
/ уваход вольны
19:00–20:30
Цырымонія ўзнагароджання прэміяй імя Ежы Гедройця
У гэты вечар мы даведаемся імёны лаўрэатаў сёлетняй прэміі. У падзеі возьмуць удзел прадстаўнікі і прадстаўніцы беларускай і польскай культурнай супольнасці. Адбудзецца прэм’ера буктрэйлераў да кніг фіналістак і фіналістаў ад беларускай відэавытворчай каманды Numar8Production.
Завяршэннем вечара стане выступ спецыяльнага госця – Уладзіміра Пугача, беларускага спевака, вакаліста гурта J:Mors.
Цырымонію правядзе Крысціна Дробыш – акторка, дыктарка і выдаўца аўдыякніг.
/ аўдыторыя (першы паверх)
/ сустрэча на беларускай мове з сінхронным перакладам на польскую
/ анлайн-трансляцыя
/ уваход вольны
Якія аўтары і кнігі сёлеты прэтэндуюць на Прэмію Гедройця?
Зміцер Дзядзенка, «Гульні Цырцэі»
/ фонд Kamunikat.org, 2024
Падзеі рэтра-крымінала Змітра Дзядзенкі «Гульні Цырцэі» адбываюцца ў Воршы, і гэта, бадай, першае мастацкае асэнсаванне аршанскай гарадской геаграфіі ў беларускай белетрыстыцы. У гістарычны час асноўных падзей – дваццатыя гады дваццатага стагоддзя – чытач трапляе праз недалёкія і яшчэ памятныя нам васьмідзясятыя гады, і дэтэктыўны сюжэт, напружаны і хітра заплецены, нітуецца праз пакаленні, набываючы працяг у часе цяперашнім. Усе патрэбныя рысы дэтэктыўнага жанру: таямнічае забойства, знікненні і нечаканыя знаходкі, каларытная пара сышчыкаў, прытоны, бардэлі, уладныя кабінеты і пакоі прастытутак, няўлоўны забойца і фіктыўныя падазраваныя – кінематаграфічным россыпам трымаюць чытача ў напрузе ад пачатку і да канца.
Сяргей Дубавец, «Занзібар. Сталеньне маладой душы»
/ выдавецтва «Вясна», 2024
Пакручасты шлях да беларушчыны героя кнігі і ягонага пакалення ў сямідзясятыя – васьмідзясятыя гады дваццатага стагоддзя – галоўная тэма аўтабіяграфічнай кнігі Сяргея Дубаўца. Аўтар падрабязна распавядае пра сваё савецкае дзяцінства, сям’ю, школьныя і студэнцкія гады ў Мінску, працу ў Гомелі ды вяртанне ў сталіцу ў перыяд гарбачоўскай перабудовы і нацыянальнага адраджэння другой паловы васьмідзясятых – пачатку дзевяностых гадоў мінулага стагоддзя. Побач з вобразам аўтара ўзнікаюць фігуры ягоных сяброў і паплечнікаў, знаных постацяў беларускай культуры… Але гэтая кніга не толькі пра «архіпелаг Беларусь» (яе ўжо напісаў Валянцін Акудовіч), але і пра афрыканскую выспу Занзібар: з яе каланіяльнай гісторыяй, тубыльцамі, каровамі, варонамі, лялькамі вуду, наіўным жывапісам Эдуарда Цінгацінга, музыкай Фрэдзі Меркуры і раманамі Абдулразака Гурнаха.
Югася Каляда, «Перамена месцаў»
/ выдавецтва Pflaumbaum, 2024
Амаль прыгодніцкі вострасюжэтны раман з адной фантастычнай пераменай целамі і лёсамі, цалкам рэалістычным змаганнем дзвюх жанчын за права быць сабой і адвечнымі беларускімі пытаннямі без камфортных адказаў. Ці не задыхнецца справядлівасць у клетцы дзяржаўных структур? Ці лёгка беспрацоўнай зрабіцца суддзёй, а суддзі – беспрацоўнай? Ці ўдасца аб’юзару ператварыцца ў чулага мужа, а беларускамоўнаму пісьменніку не здрадзіць сабе і літаратуры? Ці можна ўратаваць нявіннага ў беларускім судзе – і якой цаной? А галоўнае, ці здольныя яшчэ ўчора чужыя людзі адкрыць, зразумець і падтрымаць адно аднаго, пераадолеўшы ўсе стэрэатыпы і штучныя падзелы, што замінаюць нам быць вольнымі? Адказы – у кнізе Югасі Каляды «Перамена месцаў».
Аляксандар Лукашук, «Там, дзе няма цемнаты: Радыё Свабода»
/ выдавецтва «Вясна», 2024
Аляксандр Лукашук – пісьменнік з адметным, інтэлектуальна завостраным стылем, з метафарычным і ўадначас аналітычным мысленнем, нярэдка афарыстычны, нязменна іранічны і самаіранічны. Ён верны сабе і ў іншым. У карыстанні гратэскам. У лаканічных, але жывых характарыстыках герояў. У дакладна дазаваным нон-фікшне і фікшне. У адчуванні жанраў і магчымасцяў іх суіснавання ў тканіне твора. Кніга спалучае дзённік і ўспаміны, эсэ і (не)лірычную мініяцюру, прыпавесць і нават анекдот (у першапачатковым значэнні). Яна – пра зусім нядаўні свет і ўжо сучасны, перакулены.
У ёй шмат вядомых імён, аднак найцікавейшы нам сам аўтар: сведка, удзельнік, храніст і – мастак слова.
Анка Упала, «Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў»
/ выдавецтва Alena Kazlova, 2024
«Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў» – тонкая кніга аўтаркі з тонкай душэўнай арганізацыяй, інтравертная, з глыбокімі занырваннямі ўглыб сябе. Яна, гэтая проза, крыху герметычная. Не ў сэнсе штучная ці выгадаваная ў прабірцы, але ўсё ж – абмежаваная нейкімі сценамі, часам празрыстымі, як тая брамка, якую фарсіруюць гераіні, замкнёныя ўвечары на прычале. А можа, ілюзорнымі, нечым падобнымі да дэкарацый сусвету «Шоу Трумана».
Добрую кнігу лёгка распазнаць: ты не хочаш, каб яна скончылася.
Клёк Штучны, «Забойства на вуліцы Макаёнка»
/ выдавецтва «Янушкевіч», 2024
Кніга «Забойства на вуліцы Макаёнка» ад першых старонак трымае чытача ў напружанні. У цэнтры Мінска забілі гарадскую артыстку, Жанну Танцэн. Яна прымала ўдзел у маршах, таму ўлады надта рупліва займацца забойствам не стануць. Следчы хоча хутка закрыць справу. Людзі знаходзяцца пад наглядам уладаў. Цяжкія ўмовы жыцця і няспынны тэрор прыводзяць да фрагментацыі рэальнасці. Як жыць у аўтарытарнай дзяржаве пад сталым наглядам уладаў? Якая сувязь паміж забойствам мінскай артысткі – і з’яўленнем прывіду імпрэсарыа гарадскіх вар’ятаў ды адтуліны? Якія сямейныя таямніцы хавае здань бабы Хані?
Арганізатары прэміі | Беларускі ПЭН і Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Арганізатары цырымоніі ўзнагароджання | Беларускі ПЭН, Еўрапейскі цэнтр салідарнасці, Польскі ПЭН-клуб, Беларускае культурнае таварыства «Хатка», Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў
Партнёры цырымоніі ўзнагароджання | выдавецтва аўдыякніг Audiobooks.by, Reform.news, Еўрапейскае радыё для Беларусі, Numar8Production
Суфінансаванне | праект фінансаваны ў рамках праграмы польскага супрацоўніцтва дзеля развіцця Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча. Публікацыя адлюстроўвае выключна погляды аўтара і не можа атаясамлівацца з афіцыйнай пазіцыяй Міністэрства замежных спраў Рэспублікі Польшча.






