“Чорны абеліск” Рэмарка выдалі па-беларуску

У выдавецтве “Янушкевіч”, якое было вымушана перанесці дзейнасць у Польшчу, выйшаў з друку знакаміты раман нямецкага пісьменніка Эрыха Марыя Рэмарка “Чорны абеліск”.

Пераклад зрабіла Іна Хоміч. А кнігу ўжо цяпер можна замовіць на Allegro і на сайце электроннай кнігарні Адрэя Янушкевіча “Кнігаўка”.

фота facebook.com/januskevic.books

“Чорны абеліск” пабачыў свет у 1956 годзе, гэта самы “філасофскі” раман Эрыха Марыя Рэмарка, канцэнтрацыя ўсяго ідэйнага зместу ягонай творчасці. Праз кнігу скразной лініяй праходзіць матыў “развітання з ілюзіямі”, уласцівы тэкстам прадстаўнікоў “страчанага пакалення”.

Як і большасць твораў Рэмарка, “Чорны абеліск” вельмі аўтабіяграфічны. У рамане амаль няма адназначна станоўчых і адмоўных персанажаў — чытач сам ацэньвае і вызначае герояў.
“Чорны абеліск” — раман пра тое, як заставацца чалавекам у невыносных умовах бесчалавечнага грамадства, фашысцкага варварства, якое паступова ахінае міжваенную Германію, за якую так баліць Рэмарку.