У пражскім выдавецтве Vesna выйшаў пераклад рамана Антанаса Шкемы “Белы саван”, які часта фігуруе на першым месцы сярод абавязковых да прачытання кніг літоўскай літаратуры.
Пераклаў культавы раман, які доўгі час заставаўся недаступны шырокаму колу чытачоў, Сяргей Шупа. Першая прэзентацыя кнігі мае адбыцца на фестывалі Pradmova ў Вільні 14 кастрычніка ў 17:40 у клубе Paviljonas, на Завальнай, 21 (Pylimo, 21).
“Коўна 1920-1940-х… Амэрыка 50-х… Лягер уцекачоў у Нямеччыне 1945-га. І зноў – ўспаміны пра тое Коўна, пра тое дзіўнае юнацтва. І зноў – ліфт у ню-ёрскім гатэлі як мэтафара жыцьця і сьмерці. Літоўскі паэт, які робіцца партызанам, літоўскі партызан, які робіцца ўцекачом, а потым “ліфцёрам з Эўропы”, але заўсёды застаецца літоўскім паэтам”, – піша пра раман Альгерд Бахарэвіч, які стаў адным з першых ягоных чытачоў.