Аня Гату — старшыня Шведскага саюза пісьменнікаў, аўтарка кніг для дзяцей, а ў мінулым —спартовая журналістка. На семінары, прысвечаным дзіцячай літаратуры, які прайшоў у Вільні ў лістападзе, яна расказала пра ўласны пісьменніцкі шлях і пра глабальныя выклікі перад шведскай дзіцячай літаратурай.
Пра сустрэчу з Аняй Гату, якую мадэравала перакладчыца і выдаўніца Надзея Кандрусевіч, расказвае кніжная блогерка Кацярына Жамойдзіна.
З журналістак у дзіцячыя пісьменніцы
Шлях Ані ў дзіцячую літаратуру незвычайны і цікавы. Яна працавала спартовай журналісткай і нават футбольнай трэнеркай. У пэўны момант яна атрымала прапанову напісаць серыю кніг пра футбалістаў, шведскіх футбольных зорак, у іх дзіцячыя часы. Гэта былі гісторыі пра шлях да поспеху. Кнігі ствараліся на падставе інтэрв’ю, але ў выніку былі напісаныя ў гібрыдным стылі: спалучалі ў сабе рысы мастацкай літаратуры і нон-фікшн.
Аня расказала, што гэта не былі правільныя і ідэалізаваныя гісторыі. Там было ўсё: і памылкі, і крыўды, і непрыгожыя ўчынкі, і занадта эмацыйныя рэакцыі. Гэтыя ж кнігі Аня чытала вучаніцам падчас трэніровак, што давала магчымасць абмеркаваць праблемы і памылкі, не ўказваючы на канкрэтнага чалавека.
Другая серыя кніг, якой вядомая Аня Гату, — гэта гісторыі пра катоў-шпіёнаў. Ідэю аўтарцы падказала дачка, якая на свой шосты дзень нараджэння захацела вечарыну ў стылі катоў-шпіёнаў. Пасля свята Аня працягнула раскручваць у галаве гэтую ідэю, з чаго ў выніку атрымалася серыя з сямі кніг. Гэтыя кнігі адметныя, па-першае, сваёй вельмі дакладнай лакалізацыяй: падзеі адбываюцца ў раёне Русенгард у горадзе Мальмё, які аўтарка добра ведае з дзяцінства. А па-другое, у гэтых кнігах праз простых герояў пісьменніца працуе з ўразлівымі тэмамі.
Адна з ключавых думак, да якой Аня Гату рэгулярна вярталася падчас выступу: усе кнігі можна падзяліць на дзве катэгорыі — кнігі-вокны і кнігі-люстэркі. Праз першыя мы штосьці даведваемся пра іншых, праз іх мы глядзім на свет, знаёмімся з іншымі мясцінамі, культурамі і традыцыямі. Кнігі-люстэркі — тыя, у якіх мы бачым сябе, свой досвед.
Швецыя — краіна з вялікай колькасцю імігрантаў. Дзякуючы добра развітай дзіцячай літаратуры ў краіне, кніг-вокнаў у дзяцей-імігрантаў багата. Але ці маюць яны кнігі-люстэркі, у якіх могуць пабачыць сябе? Серыя кніг пра катоў-шпіёнаў у простай форме закранае тэмы міграцыі, розных грамадстваў, традыцый і святаў. Напрыклад, у адной з кніг расказваецца адначасова пра Рамадан, Раство і Хэлаўін.
Мяркую, гэтыя развагі аўтаркі актуальныя і для беларускіх дзяцей, якія разам з бацькамі знаходзяцца ў вымушанай эміграцыі. Дзеці хутчэй за дарослых засвайваюць новыя мовы, для іх становіцца дасяжная літаратура тых краін, куды яны пераехалі. Колькасць кніг-вокнаў для такіх дзяцей более ў разы. Але што наконт кніг-люстэрак? Такія кнігі пакрысе пачынаюць з’яўляцца: гэта і “Капітан Лятуча Рыба” Альгерда Бахарэвіча, і “Соня, стой!” Сашы Гук, і “Як Святога Міколу забаранялі” Наталкі Харытанюк, і “Кот Шпрот і вежавы гадзіннік” Ганны Янкуты. Але іх мусіць быць значна больш і ніхто акрамя нас саміх іх не напіша.
Прасоўванне кніг у Швецыі
На пытанне, ці магчыма пісьменніку ў Швецыі пражыць з пісьменніцтва, Аня Гату дала станоўчы адказ, але ўдакладніла, што для гэтага трэба не толькі пісаць, але і актыўна займацца прамоцыяй сваіх кніг. Гэта значыць сустракацца з чытачамі, наведваць школы, ездзіць у туры, даваць інтэрв’ю, прыходзіць у падкасты і гэтак далей.
“Візіты ў школы — папулярная практыка. Дзеці любяць сустракацца з пісьменнікамі. Цяпер, на пасадзе старшыні саюза пісьменнікаў, я не маю часу, але да гэтага мела больш за сто сустрэч у шведскіх школах. Пры гэтым мае кнігі добра прадаюцца, але гэта не бэстсэлеры”.
У прасоўванні кніг у Швецыі вельмі важную ролю грае сістэма бібліятэк, праз якія адбываецца дзяржаўная падтрымка гэтай сферы. Акрамя таго, што ў бібліятэках адбываюцца сустрэчы з чытачамі, праз іх адбываецца і фінансавая падтрымка аўтараў. Кожны раз, калі чытач бярэ кнігу ў бібліятэцы, аўтар ці аўтарка атрымліваюць пэўнае ўзнагароджанне. Аня Гату назвала суму ў 20 цэнтаў і ўдакладніла, што аўтары дзеляць гэтую суму з ілюстратарамі, а таксама частка ідзе ў спецыяльны фонд. Гэты фонд потым дае стыпендымі аўтарам, ілюстратарам і перакладчыкам. Стыпендыі могуць, напрыклад, выдавацца на год, два, пяць гадоў. За папярэдні год кнігі пісьменніцы бралі ў бібліятэках больш за 100 тысяч разоў.
Таксама Аня Гату расказала, што існуе патрабаванне, каб у кожнай школе была паўнавартасная бібліятэка з бібліятэкарам, а не проста пакой з кнігамі. Задача бібліятэкара — дапамагаць выбраць кнігу, папулярызаваць чытанне.
“Я думаю, што ў нашых уладаў напраўду ёсць уяўленне, што чытанне — гэта важна. Таму ў школах ёсць багата папяровых кніг, каб вучні чыталі менавіта фізічныя кнігі, а не электроныя альбо слухалі аўдыя”.
Дарэчы, цікавая сітуацыя і з аўдыякнігамі: аплата аўтарам ідзе за хвіліны праслухоўвання. Таму калі кнігу слухалі, але не даслухалі, пісьменнікі атрымліваюць не поўную суму, а толькі частку ад поўнай сумы. Таму з пункту гледжання аплаты тэкставыя кнігі даюць больш стабільны даход, чым аўдыякнігі.
Праблемы і выклікі
Аня Гату іранічна адзначыла, што Швецыі ўласцівы ўсе тыя ж спрэчкі пра дзіцячую літаратуру, як і ў іншых краінах: “У кнігах зашмат фантазіі альбо ў кнігах замала фантазіі, у кнігах зашмат карцінак альбо замала карцінак”.
Статус дзіцячай літаратуры ў Швецыі
Па словах пісьменніцы, статус дзіцячай літаратуры ніжэйшы, чым у дарослай нават у Швецыі. Гэта адчуваецца, напрыклад, у прасоўванні дзіцячых і дарослых кніг у межах літаратурных прэмій. Аня Гату прывяла прыклад відэа-ролікаў: пра даросыя кнігі на прыгожым фоне расказвае аўтар, аўтарка ці вядоўца; пра дзіцячыя — голас за кадрам, а кніга можа проста ляжаць на дзіцячай пляцоўцы.
“Мы амаль не маем аглядаў і крытыкі пра дзіцячую літаратуру, у адрозненні ад дарослай літаратуры. Адчуваецца стаўленне, быццам гэта нейкая несапраўдная літаратура. У нас скарачаецца сфера культурнага і літаратурнага журналізма”.
Пры гэтым Швецыя працягвае ганарыцца Астрыд Ліндгрэн:
“Магчыма, многія і цяпер назвалі б яе чалавекам нумар адзін у Швецыі. Пры гэтым ёсць меркванне, што дзіцячая літаратура ўжо ніколі не будзе такой, як пры Астрыд Ліндгрэн. І звычайна гэта меркаванне людзей, якія дзіцячую літаратуру не чытаюць. Астрыд Лінгрэн — унікальная пісьменніца, яна стварыла кнігі для любых дзіцячых характараў, для любых сітуацый. Але пасля Ліндгрэн Швецыя мае ўжо некалькі генерацый выдатных пісьменнікаў і пісьменніц”.
Сучасныя дзеці мала чытаюць
Акрамя таго, што сучасныя дзеці напраўду менш чытаюць кніг, у Швецыі назіраецца яшчэ адзін трэнд: сярод шведскіх падлектаў модна чытаць па-ангельску. Англамоўная кніга становіцца модным аксэсуарам у моладзі і ўплывовых моладзевых блогераў. Гэта, вядома, паляпшае валоданне ангельскай мовай, але негатыўна ўплывае на веданне шведскай, адзначае Аня Гату.
“Чытанне — найлепшы спосаб вывучэння і ўзбагачэння мовы. Нам патрэбныя грамадзяне, якія могуць добра фармуляваць думкі па-шведску, могуць паўнавартасна выказвацца. Мы штосьці губляем як грамадства, калі дзеці пачынаюць чытаць па-ангельску больш, чым па-шведску”.
Пры гэтым старшыня саюзу пісьменнікаў бачыць у гэтым выклік, задачу, з якой трэба працаваць. Штогод у Швецыі выходзіць 2,5 тысячы дзіцячых кніг. То бок дзеці аб’ектыўна маюць, што чытаць па-шведску, але важна, каб кніга знайшла свайго чытача, дайшла да яго.

“Нельга ускладваць адказнасць толькі на дзяцей, казаць, што яны кепскія, бо яны мала чытаюць. Нам трэба працаваць з гэтым: прэзентаваць кнігі, натхняць на чытанне, падтрымліваць. Напрыклад, у нашых кнігарнях не праблема знайсці кнігу, калі ты ведаеш, што хочаш купіць. Але каб табе дапамаглі знайсці кнігу па густу — тут ужо значна складаней”.
Штучны ітэлект: “Культура — гэта штосьці, што чалавек кажа чалавеку”
Адзін з глабальных выклікаў для літаратуры, як шведскай, так і сусветнай, — гэта штучны інтэлект.
Мадэратарка сустрэчы Надзея Кандрусевіч агучыла такую статыстыку: больш за 40 працэнтаў перакладчыкаў у Еўропе губляюць працу проста цяпер, бо тэксты перакладаюцца з дапамогай штучнага інтэлекту (лічба агучвалася летась падчас канферэнцыі еўрапейскай асацыяцыі перакладчыкаў CEATL у Стасбургу). Перакладчыкі пачынаюць выконваць ролю рэдактараў, што аплочваецца ніжэй.
Аня Гату расказала, што шмат працуе з гэтай тэмай як старшыня саюза пісьменнікаў. У першую чаргу з усім, што тычыцца аўтарскіх правоў. Асноўнай прычынай шырокага выкарыстання штучнага інтэлекту цяпер яна бачыць тое, што гэта вельмі танна. Але калі за матэрыялы, якія выкарыстоўвае штучны інтэлект, трэба будзе плаціць, гэта перастане быць так танна і попыт знізіцца.
“Не думаю, што штучны інтэлект заменіць пісьменнікаў. Так, выдавецтвы будуць выкарыстоўваць для перакладаў, асабліва найбольш камерцыйныя, якія імкнуцца да хуткіх грошай. Частковая замена адбудзецца, але не цалкам. Дапускаю, што з часам прыйдзе пратэст супраць штучнага інтэлекту, а прага таго, што ствараюць самі людзі, будзе расці. Але, магчыма, я аптымістка”.
Рэцэпт добрай дзіцячай кнігі
“У мяне трое дзяцей — 13, 10 і 3 гады. І я багата чытаю дзіцячых кніг. Нават калі я не чытаю для іх, я чытаю дзіцячую літаратуру, бо я яе люблю. І я гатовая сказаць, што ў Швецыі мы маем напраўду моцную літаратуру на ўсе ўзросты”.
Аднак пра рэцэпт добрай дзіцячай кнігі Аня вырашыла гаварыць не з пазіцыі маці ці пісьменніцы. “Просты і адначасова складаны адказ — гэта з перспектывы дзіцяці падчас стварэння дзіцячай кнігі. Самае важнае — знайсці гэтую пазіцыю дзіцяці, гэты пукнт гледжання, гэтую перспектыву”.
Напрыканцы семінара Аня Гату адзначыла:“ У нас у краіне ёсць сілы, якія супраць кніг не на шведскай мове. Але тут, слухаючы пра вашы праблемы, выклікі і працу насуперак усім перашкодам, я яшчэ раз усвядоміла, што важна змагацца за ўсе мовы, якія ёсць у Швецыі. Я натхнілася ад вас”.






