Вольга Аполька, якая вядзе інстаграм-праект пад нікам Голя з Ополя і называе сябе амбасадаркай Палесся ў Новай Зеландыі, падрыхтавала кнігу “Мое Баба — діректор морга” і запусціла краўдфандынг на выпуск выдання.
“Дзесьці ў вёсцы на Палессі жыве баба Маня, якую ўсе клічуць дырэктарам морга, бо яна ведае ўсё пра тое, як правільна пахаваць чалавека. А яшчэ там, у гэтай вёсцы, гоняць самагон, капаюць бульбу, абмяркоўваюць палітыку і паўсядзённасць — на сваёй мове. Голя, унучка бабы Мані, апісала гэтае жыццё ў форме дыялогаў на паляшуцкай мове”, — гаворыць апісанне на праекту на краўд-пляцоўцы ko-fi.com, дзе можна падтрымаць кнігу і замовіць сабе або электронны, або фізічны асобнік.
Голя з Ополя — блогерка, аўтарка кнігі, цяпер жыве ў Новай Зеландыі, але нарадзілася і вырасла ў вёсцы Опаль на беларускім Палессі. Кніга праілюстраваная сучаснай беларускай мастачкай Машай Мароз. Маша Мароз — міждысцыплінарная мастачка, этнографка, дызайнерка, заснавальніца і куратарка платформы Past Perfect, прысвечанай захаванню і папулярызацыі этнаграфічнай спадчыны Беларусі.
Сама кніга складаецца з дзвюх частак — непасрэдна мастацкі твор пра жыццё на Палессі, напісаны на адным з варыянтаў палескай мікрамовы, які ўжываецца ў роднай для аўтаркі вёсцы, а таксама ўключае пераклад на ангельскую мову. Акрамя мастацкіх працаў Машы Мароз, чытачы могуць знайсці і фотаздымкі, зробленыя Машай у экспедыцыях па розных вёсках беларускага Палесся.
Краўдфандынг будзе доўжыцца 2 месяцы. Друк кнігі прызначаны на май — чэрвень. Дастаўка кнігі да кожнага ахвярадаўца плануецца самае позняе да канца года.
Больш дазнацца пра кнігу, задаць пытанні аўтарцы можна падчас адмысловага стрыму на інстаграм-старонцы Вольгі Аполькі 26 лютага ў 21:00 па беларускім часе.
“Всі вопросэ про мою кніжку <…> Зроблю міні стрім на 30 мінут да роскажу ша раз про ідею, про тое да купэтэ і якэйі есця “нюансэ”. Кароче, жду всіх 26 Хвевраля ў 21:00 по Палешуцку!” — запрашае аўтарка.