Беларускі ПЭН абвяшчае прыём заявак на прэмію імя Францішка Аляхновіча за найлепшы твор, напісаны ў зняволенні або на тэму зняволення. На разгляд прымаюцца творы, апублікаваныя цалкам ці часткова ў перыяд з лістапада 2023 па верасень 2024 году.
Арганізатары заклікаюць сяброў і прыхільнікаў зняволеных збіраць і захоўваць літаратурныя сведчанні з-за кратаў і запрашаюць зняволеных удзельнічаць у стварэнні літаратуры памяці.
На сайце Беларускага ПЭНа можна азнаёміцца са статутам прэміі і сёлетнім рэгламентам.
Каб падаць заяўку, неабходна запоўніць адпаведную google-форму і дадаць да яе творы. Тэрмін падачы заявак – да 30 кастрычніка 2024 года (23:59 беларускага часу).
Летась заснавальнікі прэміі, Беларускі ПЭН і “Радыё Свабода”, абвясцілі лаўрэатаў за перыяд з 2021 па 2023 год. Сёлета падвядзенне вынікаў прэміі імя Францішка Аляхновіча традыцыйна адбудзецца ў Дзень зняволенага пісьменніка, 15 лістапада.
Арганізатары прэміі прапануюць пры жаданні захаваць ананімнасць і гарантуюць канфідэнцыйнасць аўтарам і сваякам зняволеных, ад якіх паступяць заяўкі. Прозвішчы будуць публічна абвешчаны толькі пасля таго, як гэта будзе бяспечна для аўтараў.
Стан няспынных рэпрэсій, арыштаў, катавання аўтараў і выдаўцоў штогод ускладняе публічнае з’яўленне твораў, напісаных у няволі. Усяго ў няволі, паводле звестак Беларускага ПЭНа, сёння застаюцца не менш за 37 Людзей Слова. Арганізатары плануюць уручаць прэмію імя Францішка Аляхновіча, пакуль сітуацыя ў краіне будзе даваць для гэтага падставы, але спадзяюцца, што неўзабаве прэмія страціць сваю актуальнасць.