Жыжэнка Уладзімір Аляксандравіч (23.1.1931, г. Дарагабуж, Смаленская вобл. Расіі — 2.4.2003, Мінск). Крытык, перакладчык. Сябра СП з 1981 г.
Нарадзіўся ў сям’і настаўніка. Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1953). Адначасова працаваў настаўнікам рускай мовы і літаратуры ў вячэрніх школах. З 1953 г. рэдактар дзіцячай і юнацкай літаратуры ў Дзяржаўным выдавецтве БССР (пазней — “Беларусь”), у 1964—1966 гг. і ў 1966—1969 гг. старэйшы рэдактар на Беларускім радыё, у 1966 г. галоўны рэдактар Мінскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў. З 1969 г. працаваў у часопісе “Неман’, з 1979 г. загадчык аддзела прозы часопіса. Сябра СП СССР з 1981 г.
Пахаваны на Усходніх могілках у Мінску.
Літаратурную дзейнасць пачаў з рэцэнзій і артыкулаў у студэнцкія гады. З 1955 г. выступаў пераважна як перакладчык твораў беларускіх пісьменнікаў на рускую мову. У яго перакладзе выйшлі раманы М. Лобана “Гарадок Устронь” (Мінск, 1972), Л. Арабей “Іскры ў папялішчы” (Мінск, 1973), А. Васілевіч “Пачакай, затрымайся” (Мінск, 1975), А. Шашкова “Спытай сваё сэрца” (Мінск, 1976), Б. Сачанкі “Вялікі Лес” (Масква, 1983), В. Адамчыка “Голас крыві брата твайго” (часопіс “Нёман”, 1990), асобныя аповесці А. Кулакоўскага, В. Карамазава, А. Марціновіча, Я. Маўра, І. Сяркова, М. Паслядовіча, кнігі І. Навуменкі пра Янку Купалу і Якуба Коласа і інш. У яго літаратурнай апрацоўцы выдадзены на рускай мове кнігі У. Парахневіча “Огненные вихри” (Мінск, 1967), Л. Шыпулі “Четыре тарана в небе” (Мінск, 1982) і інш.