Жыбуль Віктар Вячаслававіч (нар. 3.10.1978, Мінск). Паэт, літаратуразнаўца. Уваходзіў у сябры СБП.
Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (2000), асьпірантуру пры ім (2003). Кандыдат філалагічных навук (2003). Працаваў у часопісе творчай моладзі “Першацвет” (1995—2002), потым — у часопісах “Роднае слова” і “Arche”. Удзельнік творчага руху “Бум-Бам-Літ” (з вясны 1996 г.), многіх літаратурна-музычных праектаў, мастацкіх акцый, пэрформансаў. У 2009—2023 гг. быў вядучым навуковым супрацоўнікам Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва.
Вершы пачаў пісаць у раннім дзяцінстве, спачатку па-руску. Літаратурны шлях пачаў з перамогі на мінскім гарадскім паэтычным конкурсе “Родны горад” (1994). Набыў вядомасць як паэт-эксперыментатар, аўтар некалькіх паліндромных паэм. Аўтар зборнікаў паэзіі “Калі ў хаце дывэрсант” (Менск, 1996), “Рогі гор” (Мінск, 1997), “Прыкры крык” (Мінск, 2001), “Дыяфрагма” (Мінск, 2003), “Забі ў сабе Сакрата!” (у сааўтарстве з Верай Бурлак, Мінск, 2008), “Стапеліі” (Мінск, 2012), “Дзяцел і дупло” (Мінск, 2016). Выступае таксама як даследчык-літаратуразнаўца (сфэра навуковых зацікаўленьняў – авангардная паэзія, фармальны экспэрымэнт у літаратуры, сынтэз мастацтваў). Разам з Верай Бурлак пераклаў кнігу Арнольда Макміліна “Беларуская літаратура дыяспары” (2003). Сабраў і выдаў спадчыну адметнага, але заўчасна памерлага паэта Дзяніса Хвастоўскага (кніга “Лугназад”, 2006), двухтомнік Адама Бабарэкі (2011), зборнікі Алеся Наўроцкага (2016), Ярылы Пшанічнага (2017), Юркі Лявоннага (2018), Сяргея Астрэйкі (2021), Алеся Гародні (2021), Наталлі Вішнеўскай (2023), удзельнік праекта “(Не)расстраляныя” (з 2017). Пераможна некалькіх паэтычных слэмаў, лаўрэат прэміі “Залаты апостраф” (2011), Міжнароднай адмеціны імя Давіда Бурлюка (2013).