Жуковіч Васіль Аляксеевіч (нар. 21.9.1939, хут. Забалацце, цяпер Камянецкі р-н Брэсцкай вобл.). Паэт, празаік, эсэіст, перакладчык. Сябра СП з 1977 г..
Рана страціў родных: бацька і брат былі рэпрэсаваныя, маці заўчасна памерла. У 1957—1959 гг. працаваў у будаўнічым трэсце №8 г. Брэста. Закончыў Брэсцкі педагагічны інстытут (1964). У 1962—1971 гг. літаратурны супрацоўнік, загадчык сельскагаспадарчага аддзеоу рэдакцыі Брэсцкай раённнай газеты “Заря над Бугом”. З 1971 г. старшы рэдактар Брэсцкага абласнога тэлебачання. З 1972 г. літаратурны супрацоўнік газеты “Знамя юности”, з 1973 г. рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Закончыў Вышэйшую партыйную школу пры ЦК КПБ (1977). У 1981—1982 гг. намеснік галоўнага рэдактара выдавецтва “Юнацтва”. Пазней працаваў у Рэспубліканскім цэнтры эстэтычнага выхавання дзяцей. З 2002 г. на творчай працы. Быў намеснікам старшыні таварыства “Беларусь – Украіна”.
Друкуецца з 1956 г., калі апублікаваў першы верш у газеце “Піянер Беларусі”. Аўтар зборнікаў вершаў “Паклон” (Мінск, 1974), “Мелодыя святла” (Мінск, 1976), “Суседства” (Мінск, 1982), “Цана цішыні” (Мінск, 1985), “Твая Місія” (Мінск, 1988), “Разняволенне” (Мінск, 1990), “У храме хараства і смутку” (Мінск, 2003), “Кахання радасці й пакуты” (Мінск, 2004), “Не завіце радзіму малой” (Мінск, 2009), “Няўжо?..” (Мінск, 2011), “Золата лістапада” (Мінск, 2012), “Замова ад рабства” (Мінск, 2017), “Боль, і вера, і любоў” (Мінск, 2020), “Ява, сны, летуценні” (Мінск, 2022), зборніка сатыры і гумару “Цудадзейны вітамін” (Мінск, 2011), кніг прозы “Арабінавая ноч” (Мінск, 2015), “Бязмежжа памяці” (Мінск, 2019), “Бязмежжа памяці і любові” (Мінск, 2020), “Прадчуванні” (Мінск, 2021). Таксама аўтар кніжак для дзяцей: аповесці “Як адна вясна…” (Мінск, 1980), зборнікаў вершаў, загадак, казак “Нашы памочнікі” (Мінск, 1975, па-руску: Минск, 1976), “Казачны сад” (Мінск, 1976; па-руску: Минск, 1976), “Крылатыя сябры” (Мінск, 1976), “Тараскаў самакат” (Мінск, 1988), “Гуканне вясны” (Мінск, 1992), “Цудоўная краіна” (Мінск, 1997), “Свет — дзівосны” (Мінск, 2000), “Пра што гаманілі рамонкі” (Мінск, 2012), “Хто хацеў бы пакатацца?”(Мінск, 2014), “Ласкавае сонейка” (Мінск, 2020). Выходзілі і кнігі выбраных перакладаў: “Алішэр Наваі, лірыка” (Мінск, 1992), “Мой Міцкевіч” (Мінск, 2004), “Энергія запаветаў” (Мінск, 2006) — з паэзіі Тараса Шаўчэнкі, Івана Франка, Лэсі Украінкі. Пераклаў таксама творы А. Фета, С. Ясеніна, У. Сасюры, Л. Кастэнкі, Э Межэлайціса, М. Кульбака і інш. Шматлікія вершы пакладзеныя на музыку і ўключаныя ў зборнікі песень “Дарога ля жыта” (1997), “Спяваем разам” (2008), “Дарогамі вайны і перамогі” (2010) і інш.