Жукоўскі Алёкса (Аляксей Аляксандравіч) (28.9.1906, Тэрэспаль, Бельска-Падляскае ваяв., Польшча — 1.2.1979, Масква). Паэт-маладняковец, празаік, педагог.
У часе Першай сусветнай вайну разам з бацькоўскай сям’ёй перасяліўся ў Клімавічы (цяпер Магілёўская вобл.). Закончыў педагагічны тэхнікум у Віцебску (1925). Працаваў настаўнікам і загадчыкам пачатковай школы ў в. Добасна на Бабруйшчыне. У 1928 г. выкладаў рускую і беларускую мовы ў Жыліцкай сямігодцы Дабаснянскага сельсавета. З 1929 г. літсупрацоўнік рэдакцыі бабруйскай газеты “Камуніст”. У 1929—1930 гг. на вайсковай службе. Пасля звальнення вярнуўся на ранейшую працу. У 1932 г. зноў мабілізаваны і служыў да 1938 г. У 1939—1941 гг. настаўнічаў у Обнінскай сярэдняй школе (Калужская вобласць Расіі). У 1941—1945 гг. удзельнік баёў на франтах Вялікай Айчыннай вайны, служыў у артылерыі, гвардыі маёр. У 1946—1948 гг. працаваў інспектарам школ працоўнай моладзі Масгарана, у 1948—1950 гг. — намеснікам дырэктара, а потым дырэктарам адной з сярэдніх вочна-завочных школ працоўнай моладзі ў Маскве. З 1968 г. быў навуковым супрацоўнікам лабараторыі Навукова-даследчага інстытута агульнай адукацыі дарослых Акадэміі педагагічных навук СССР. Аўтар каля 50 навуковых прац па арганізацыі педагагічнай дзейнасці. Узнагароджаны ордэнам Леніна, Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў, Чырвонай зоркі. Заслужаны настаўнік РСФСР (1961).
Памёр і пахаваны ў Маскве.
Пачаў выступаць з вершамі ў 1925 г. Друкаваўся ў маладнякоўскіх літаратурных альманахах “Пачатак” (Віцебская філія), “Уздым” (Бабруйскай філія), бабруйскай газеце “Камуніст” і іншых выданнях. Напісаў таксама некалькі апавяданняў. Займаўся перакладамі.