Жылко Вадзім Вітальевіч (нар. 31.10.1967, г. Лунінец, Брэсцкая вобл.). Пісьменнік, журналіст. Уваходзіў у сябры СБП.
Завочна закончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1990). У 1984—1991 гг. працаваў тэхнікам ў аддзеле архітэктуры Лунінецкага райвыканкама, у 1991—1993 гг. — кіраўніком гуртка Дома дзіцяча-юнацкай творчасці, у 1993—2006 ггг. — навуковым супрацоўнікам Лунінецкага раённага краязнаўчага музея. Паралельна працаваў ў раённай газеце “Лунінецкія навіны” (1994—1999), а з 1999 г. — пазаштатным, з 2006 г. — штатным супрацоўнікам недзяржаўнага лунінецкага штотыднёвіка “Інформ-прогулка”. Сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў з 1998 г.
Аўтар зборнікаў “Ассорти. Стихи и пародии” (Лунинец, 1995), “Две музы. Шахматные задачи и стихи” (Лунинец, 1996), “Размова з прысутнымі. Уладзіслаў Нядзведскі: старонкі жыцця і творчасці” (Лунінец, 2001), “Оборванная нить. Стихи и рассказы” (Лунинец, 2006). Укладальнік альманахаў з творамі лунінецкіх аўтараў у серыях “Галасы Лунінеччыны”, “Лунінецкая муза”, краязнаўчага альманаха “Лунінецкі сшытак”, анталогіі вершаў лунінецкіх паэтаў “Азбука поэзии”. Сааўтар школьнага спецкурса “Лунінеччыназнаўства” (2006). З 1991 г. выдае адзіны пакуль у Беларусі бюлетэнь па шахматнай кампазіцыі “Альбино”. Укладальнік бюлетэня “Выток” Брэсцкай абласной філіі СБП і лунінецкага творчага клуба “Муза”.