Жарнасек Ірына

Жарнасек Ірына Францаўна (нар. 17.1.1953, в. Чаранкі, Глыбоцкі р-н Віцебскай вобл.). Пісьменніца. Сябра СП з 1987 г.

Пасля заканчэння Пліскай сярэдняй школы (1969) працавала загадчыцай Мамайскай сельскай бібліятэкі на Глыбоччыне. Закончыла завочна Мінскі інстытут культуры (1976). У 1978—1979 гг. загадчыца чытальнай залы бібліятэкі трэста № 16 “Нафтабуд” у Наваполацку, у 1979—1983 гг. карэспандэнтка шматтыражнай газеты “Знамя новостройки” гэтага трэста. З 1983 г. карэспандэнтка наваполацкой гарадской газеты “Химик”. Была рэдактаркай часопіса “Маленькі рыцар Беззаганнай”. Сябра СП СССР з 1987 г. 

Першае апавяданне апублікавала ў 1978 г. (газета “Химик”), у наступным годзе выступіла ў рэспубліканскім друку (часопіс “Работніца і сялянка”). Аўтарка кніг прозы “Ліст да сына” (Мінск, 1986), “Гульні над студняй” (Мінск, 1993), “Гадара” (Мінск, 2002), “Спрэчка анёлаў” (Мінск, 2004), “Незабудкі” (Мінск, 2018), “Нашых дзён крыгаход” (Мінск, 2021), раману “Будзь воля Твая” (Мінск, 2004), кнігі вершаў “Шукаю цябе” (Мінск, 2008).