Знаёмы Сяргей (сапр. Клопаў Сяргей Змітравіч; 27.6.1909, в. Звонь, цяпер Ушацкі р-н Віцебскай вобл. — пасля студзеня 1944 г.). Паэт, празаік. Сябра СП СССР з 1934 г.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Падлеткам працаваў рабочым на запалкавай фабрыцы “Чырвоная Бярэзіна” ў Нова-Барысаве. Быў рабкарам, затым рэдактарам шматтыражнай газеты “Чырвоны Бярэзінец”. Паступіў на рабфак. Стаў сябрам КПСС (1928). З 1930 г. вучыўся ў БДУ, працаваў выкладчыкам рускай мовы і літаратуры ў сярэдняй школе № 11 у Барысаве. Закончыў літаратурна-лінгвістычны факультэт Вышэйшага педагагічнага інстытута (1933), працягваў вучобу ў аспірантуры. У сярэдзіне 1930-х гг. аказаўся аб’ектам цкавання, у 1935 г. выключаны з партыі. З вясны 1936 г. працаваў літаратурным рэдактарам на Беларускім радыё. Сябра СП СССР з 1934 г. Арыштаваны ў 1936 г., асуджаны на 8 год зняволення ў лагеры. Па некаторых звестках, 22.1.1944 уцёк з аднаго з лагероў на Калыме, далейшы лёс невядомы.
Дата смерці і месца пахавання невядомыя.
Дэбютаваў у друку вершам “Мая вясна” у 1929 г. у газеце “Рабочий”. Выступаў у друку з нарысамі, карэспандэнцыямі. Аўтар зборнікаў нарысаў “Дом № 31” (Менск, 1930), “За дамбаю” (Менск, 1931), “Лес гарыць” (Менск, 1932), аповесцяў “Ганчары” (Менск, 1933) і “Біяграфія майго героя” (Менск, 1935), кнігі падарожных нататак “Відагоршчы” (Менск, 1930). Запісваў і даследаваў беларускі фальклор. Займаўся мастацкім перакладам з рускай, украінскай і іншых моў.