Зарэмба Міхась Мікалаевіч (2.1.1941, в. Падонкі, цяпер в. Знаменка Лагойскага р-на Мінскай вобл. — 05.02.2002). Празаік, перакладчык. Сябра СП з 1989 г.
Нарадзіўся ў сям’і служачых. Закончыў Лагойскую сярэднюю школу № 1. Працаваў памочнікам брыгадзіра калгаса “Перамога” (1957—1960). Закончыў аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1965). З 1965 г. літсупрацоўнік, з 1968 г. загадчык аддзела школьнага і піянерскага жыцця газеты “Піянер Беларусі”. З 1989 г. працаваў загадчыкам рэдакцыі літаратуры для дзяцей малодшага школьнага ўзросту выдавецтва “Юнацтва”. Узнагароджаны медалём і граматай Вярхоўнага Савета БССР. Выдатнік народнай асветы Беларусі (1978). Сябра СП СССР з 1989 г.
Пахаваны на могілках в. Свідка, Лагойскага раёну Мінскай вобласці.
Дэбютаваў у друку у 1956 г. вершам у газеце “Піянер Беларусі”. Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў для дзяцей “Камандзір зялёнага патруля” (Мінск, 1967), “Загадка без адгадкі” (Мінск, 1972), “Бі, барабан!” (Мінск, 1972), “Хто каго?” (Мінск, 1978), “Пераправа” (Мінск, 1987), “Сакрэт тэлепата” (Мінск, 1989), “Дзень магнітнай буры” (Мінск, 1992), “Малінавая шкатулка” (Мінск, 1997), “Арэхавы спас” (Мінск, 1997), “Рыжая ластаўка” (Мінск, 2001). Выдадзены зборнік “Аповесці і апавяданні” (Мінск, 2018). Пераклаў на беларускую мову раман Г. Уэлса “Чалавек-невідзімка” (Мінск, 1997), шэраг твораў расійскіх і ўкраінскіх пісьменьнікаў.