Вышынскі Міхась Антонавіч (27.1.1940, Мінск — 18.1.1996, в. Айнаравічы, Мінская вобл.). Празаік, крытык. Сябра СП з 1970 г.
Нарадзіўся ў сям’і настаўніка. Пасля заканчэння школы фабрычна-заводскага навучання (1957) працаваў муляром на будоўлях Мінска. Адначасова вучыўся ў вячэрняй школе. У 1965 г. закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, настаўнічаў на Брэстчыне і Міншчыне. У 1967—1968 гг. працаваў рэдактарам мастацкай літаратуры ў выдавецтве “Беларусь”, у 1968—1969 гг. — рэдактарам аддзела прозы часопіса “Нёман”. У 1970—1975 гг. рэдактар вяшчання для дзяцей і юнацтва Беларускага радыё. Сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1970 г. У 1980 — 1990-х гн. жыў на Лагойшчыне, у вёсцы Айнаравічы, падтрымліваў цесную сувязь з рэдакцыяй раённай газеты “Родны край”, дзе публікаваліся яго апавяданні, нарысы.
Пахаваны там жа.
Літаратурнай працай пачаў займацца з 1959 г. (апублікаваў нарыс у газеце “Калгасная праўда”). Аўтар кніг аповесцей і апавяданняў “Вокны ўначы” (Мінск, 1969), “На павароце” (Мінск, 1973), “Крыніца, светлая вадзіца” (Мінск, 1979; па-руску: Масква, 1984), “Гул медзянога бору” (Мінск, 1992), кнігі апавяданняў для дзяцей “У полі, за сялом… ” (Мінск, 1981), зборніка нарысаў “Людзі вясны” (Мінск, 1982).