Вольскі (Зэйдэль-Вольскі) Віталь Фрыдрыхавіч (5.9.1901, Санкт-Пецярбург, Расія — 22.8.1988, Мінск). Празаік, драматург, літаратуразнаўца, краязнаўца. Сябра СП з 1934 г.
Нарадзіўся ў сям’і служачага. З 1918 г. працаваў на Трубачным заводзе, потым у Камісарыяце гарадской гаспадаркі Петраграда. З 1919 г. у Чырвонай Арміі, удзельнічаў у Грамадзянскай вайне. Служыў у пагранічных войсках і органах ВЧК. З 1926 г. старшы інспектар Галоўрэперткома БССР, у 1927 г. скончыў Камуністычны ўніверсітэт Беларусі. З 1928 г. старшы інструктар кінафікацыі Белдзяржкіно, з 1929 г. дырэктар Віцебскага мастацкага тэхнікума, з 1930 г. дырэктар Беларускага драматычнага тэатра ў Віцебску. У 1932—1936 гг. працаваў дырэктарам Інстытута літаратуры і мастацтва АН БССР. З красавіка 1942 г. загадваў аддзелам у рэдакцыі сатырычнай газеты-плаката “Раздавім фашысцкую гадзіну”, з лістапада 1943 г. у рэдакцыі часопіса “Беларусь”. У 1948—1954 гг. навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры АН БССР. Узначальваў праўленне Літфонда БССР (1953—1966). Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 г. Кандыдат філалагічных навук (1934). Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1971). Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі “Знак Пашаны” і медалямі. Бацька пісьменніка Артура Вольскага і дзед музыкі і пісьменніка Лявона Вольскага.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Літаратурную дзейнасць пачаў у 1926 г. Аўтар кніг нарысаў, аповесцяў і апавяданняў “Па лясных сцежках” (Мінск, 1948), “У лясах над Бярозай” (Мінск, 1955; па-руску: Ленінград, 1958), “Месяц за месяцам” (Мінск, 1956), “На бабровых азёрах” (Мінск, 1957), “Чайкі над Нараччу” (Мінск, 1959), “Родны край” (Мінск, 1961; па-руску: Мінск, 1964), “Афрыканскае падарожжа” (Мінск, 1963), “Эль Махрыб” (Мінск, 1965), “Старонкі нашай гісторыі” (Мінск, 1966), “Падарожжа па краіне беларусаў” (Мінск, 1968), “Палессе” (Мінск, 1971), “Кніга падарожжаў” (Мінск, 1971), “Лёс Дункана” (Мінск, 1978), “Дзень добры, Бяроза” (Мінск, 1984); п’ес “Цудоўная дудка” (Мінск, 1940; пастаўлена ў 1939), “Дзед і жораў” (Мінск, 1946, пастаўлена ў 1939), “Несцерка” (Мінск, 1946; пастаўлена ў 1941, аднайменны фільм па сцэнарыю аўтара — 1955), “Машэка” (Мінск, 1946, пастаўлена ў 1954) — усе яны ўключаны ў зборнік “П’есы” (Мінск, 1962); літаратуразнаўчых прац “Праблемы беларускай савецкай драматургіі” (Мінск, 1934), “Эдуард Самуйлёнак: Жыццё і творчасць” (Мінск, 1951), “Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры эпохі феадалізму” (Мінск, 1958), адзін з аўтараў дапаможніка для студэнтаў ВНУ “Нарысы па гісторыі беларускай літаратуры” (Мінск, 1956), падручніка “Беларуская савецкая літаратура” для 9—10 класаў (Мінск, 1948—1954); аўтар сцэнарыяў дакументальна-краязнаўчых фільмаў “Белавежская пушча” (1946), “Бярэзінскі запаведнік” (1965). Выдадзеныя Выбраныя творы ў 2 тамах (Мінск, 1977). Пераклаў на беларускую мову сатырычную паэму І. В. Гётэ “Рэйнеке-Ліс” (Мінск, 1940), раманы Вілі Брэдэля “Выпрабаванне” (Мінск, 1937), М. Кульбака “Зельманцы” (Мінск, 1960).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 100).