Вольны Анатоль (сапр. Ажгірэй Анатоль Іўсцінавіч, 2.12.1902, ст. Пухавічы, цяпер Пухавіцкі р-н Мінскай вобл. — 29.10.1937, Мінск). Паэт, празаік, сцэнарыст, фельетаніст. Сябра СП з 1934 г.
Нарадзіўся ў сям’і службоўца. Сярэднюю адукацыю атрымаў у Ігуменскай гімназіі. У 1920 г. добраахвотнікам пайшоў у Чырвоную Армію. Пасля дэмабілізацыі вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, працаваў у Цэнтральным камітэце ЛКСМБ. З гэтага ж часу стаў актыўным удзельнікам літаратурна-мастацкага руху ў складзе літаратурных аб’яднанняў “Маладняк” і “Полымя”. Член СП БССР (з 1934). Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1935). Арыштаваны 4 лістапада 1936 у Менску. Асуджаны пазасудовым органам НКУС 28 кастрычніка 1937 як “член контррэвалюцыйнай аpганізацыі”. Расстраляны органамі НКУС у Мінску. Рэабілітаваны ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 3 снежня 1957.
Месца пахавання невядомае.
З 1920 г. у газетах “Савецкая Беларусь”, “Звязда”, “Малады араты”, “Чырвоная змена” і іншых пачаў друкаваць свае артыкулы, вершы, гумарэскі і фельетоны, прысвечаныя актуальным палітычным падзеям у краіне і за мяжой. Аўтар аповесцей “Два” (Мінск, 1925) і “Антон Савіцкі” (Мінск, 1927), рамана “Ваўчаняты” (у суаўтарстве з А. Александровічам і А. Дударом, Мінск, 1925), зборнікаў гумарэсак і фельетонаў “Зборнік фельетонаў” (Мінск, 1927) і “Суседзі” (Мінск, 1932), зборнікаў паэзіі “Камсамольская нота” (разам з А. Александровічам, Мінск, 1924), “Чарнакудрая радасць” (Мінск, 1925), “Табе” (Мінск, 1927). Напісаў п’есы, драматызаваныя агітжарты (“Калі дзяк гаворыць праўду”, “Міколка”, “У агранома” — Мінск, 1924), камедыю “Ратуй, божа! ” (разам з Р. Кобецам, Мінск, 1932). Выступаў і як кінадраматург — па яго сцэнарыях пастаўлены фільмы “Хвоі гамоняць” (з К. Дзяржавіным, 1929), “Гатэль „Савой“” (1930), “У агні народжаная” (1930), “Сонечны паход” (1931), “Новая радзіма” (1935). Аўтар кінааповесці “Шасцідзесятая паралель” (Мінск, 1932).