Волан Андрэй (1530, Познань, Польшча — 1610, в. Біюцішкі, цяпер Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Паэт, вялікалітоўскі палітычны дзеяч, філосаф.
Паходзіў са шляхецкага роду, сын Яна Волана і Соф’і з Квілецкіх. У 1544—1547 гг. вывучаў дыялектыку, рыторыку і эпісталаграфію ва ўніверсітэце Франкфурта-на-Одэры, дзе пазнаёміўся з ідэямі Рэфармацыі. Каля 1550 г. стаў сакратаром Мікалая Радзівіла Рудога. Дзякуючы падтрымцы Радзівілаў у лістападзе 1550 г. пачаў навучанне ў Караляўцы. Па заканчэнні навучання пасяліўся ў Вялікім Княстве Літоўскім. Ад Мікалая Радзівіла Рудога атрымаў маёнтак Біюцішкі, а ад Жыгімонта Аўгуста — вёскі Чарэшчанету і Гербенету, таксама да смерці дзяржавіў староствы Рудомін і Немеж. У 1569 г. атрымаў літоўскі індыгенат. Па заключэнні Люблінскай уніі шматразова быў абіраны паслом на сойм Рэчы Паспалітай ад Ашмянскага павета. За часам Стэфана Баторыя стаў “ганаровым” каралеўскім сакратаром, часта быў пасярэднікам паміж каралём і шляхецкімі соймікамі, выконваў важныя дыпламатычныя місіі ў Інфлянты, Аўстрыю, Маскоўскую дзяржаву. У 1595 г. быў у Маскве ў якасці пасла разам з Л. І. Сапегам. Як соймавы пасол і пісьменнік, браў дзейны ўдзел ва ўнутраным палітычным жыцці ВКЛ.
Пахаваны ў в. Біюцішкі Ашмянскага раёна.
Быў аўтарам каля 50 твораў, напісаных пераважна лацінаю: палітыка-прававых трактатаў, прац па этыцы і багаслоўі, пасланняў, пропаведзяў. Працы друкаваліся ў Вільні, Кракаве, Данцыгу; накіраваныя супраць каталіцызму, асабліва супраць езуітаў (напр., “Anabaptismus sive speculum fidei et pietatis Anabaptistorum”, Вільня, 1586), творы перакладаліся гугенотамі ў Францыі, кальвіністамі ў Германіі і ўключаліся Ватыканам у Індэкс забароненых кніг. Адзін з галоўных твораў “De politica hominum societate” (“Аб палітычнай і грамадзянскай свабодзе”, Кракаў, 1572), у якім разглядаюцца пытанні роўнасці ўсіх саслоўяў, свабоды і справядлівасці. Сумесна з С. Будным быў ініцыятарам выдання сачынення А. Маджэўскага Фрыча “Аб выпраўленні Рэчы Паспалітай” (Лоск, 1577). Напісаў ухавальную прамову на смерць Мікалая Радзівіла Рудога (1588), лісты кіеўскаму біскупу Мікалаю Пацу (1565), магістрату Рыгі (1599). Частка яго лістоў і прамоў засталася ў рукапісах.