Весялкоўскі Юры (2.1.1924, в. Новы Сьвержань, Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл. — 09.08.2017, Лондан, Вялікабрытанія). Публіцыст, рэдактар, выдавец, мемуарыст.
У 1942—1944 гг. вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў Нясвіжы, быў курсантам Менскай афіцэрскай школы БКА. Разам з іншымі курсантамі апынуўся ў 30-й грэнадзёрскай дывізіі СС, потым — у Другім Польскім корпусе. У 1946 г. прыбыў у Вялікабрытанію. Ад 1946 г. быў сябрам Згуртавання беларусаў у Вялікабрытаніі, аднак далучыўся да апазіцыі і ў 1948 г. стаў сябрам Хрысціянскага аб’яднання беларускіх работнікаў (ХАБР). Пасяліўся ў Лондане. Доўгі час выконваў функцыі сакратара Галоўнай управы ХАБР, стварыў пры арганізацыі хор. У 1954—1962 гг. быў адным з рэдактараў часопіса “Аб’еднаньне”. У 1960-я гг. спрычыніўся да расколу ХАБР праз канфлікт вакол сядзібы арганізацыі. У 1952 г. уваходзіў у Беларускі вызвольны рух. Належаў да парафіі св. Еўфрасінні Полацкай у Лондане. У 1974—1976 гг. выдаваў часопіс “Званіца”, пазней, у 1989—1996 гг. — часопіс “Голас Часу”.
Пахаваны ў Лондане на Gunnersbury Сemetery.
Пісаў нарысы, вершы і інш. Аўтар шэрагу кніг па беларускай і сусветнай гісторыі (“Дарогі рымскіх папаў на Ўсход” (Лёндан, 1992), “Што прывяло Армію Краёву на Беларусь” (Лёндан, 1995), “Беларусь у Першай сусьветнай вайне” (Беласток—Лёндан, 1996), “Нарысы па гісторыі Беларусі” (Лёндан—Беласток, 2002), “Па сьлядох Другой сусьветнай вайны” (Вільня, 2002), “Рабы ў старажынтым і сучасным сьвеце” (Беласток—Лёндан, 2003), “Ад Гарбачова да Белавежы (1985—1991)” (Беласток—Лёндан, 2004),зборніка палемічна-крытычных артыкулаў “Дух часу” (Беласток-Лёндан, 2005), успамінаў “Няясна мроіліся новыя дарогі” (Лёндан, 1997), а таксама зборнікаў вершаў “Каляды на чужыне” (Вільня, 1999) і “Я веру” (Мінск, 2009).