Верас Зоська, (сапр. Сівіцкая Людвіка Антонаўна, 30.9.1892, пас. Мяджыбаж, цяпер Лятычаўскі раён, Хмяльніцкая вобласць, Украіна — 8.10.1991, Вільнюс, Літва). Пісьменніца, мемуарыстка, грамадскі дзеяч. Сябра СП з 1982 г.
Нарадзілася ў сям’і вайскоўца Антона Сівіцкага і Эміліі Садоўскай, якія паходзілі з Гарадзеншчыны. Пачатковую адукацыю, у тым ліку і музычную, атрымала ад бацькоў, а ў 1904 г. паступіла ў прыватнае гандлёвае вучылішча Л. Валадкевіч у Кіеве. У 1905 г. жыла ў Луцку на Валыні. Пасля смерці бацькі ў 1908 г. пераехала разам з маці ў радавы маёнтак Альхоўнікі Сакольскага павета. Скончыла прыватную жаночую гімназію Кацярыны Баркоўскай у Гродне (1912), 10-месячныя садоўніцка-агародніцка-пчалярскія курсы і 6-тыднёвыя ваенныя санітарныя курсы ў Варшаве (1914). Падчас вучобы ўваходзіла ў Гродзенскі гурток беларускай моладзі, які меў на мэце пашыраць веды пра Беларусь, яе гісторыю, культуру, мову, развіваць нацыянальную свядомасць. Займалася літаратурнай творчасцю, друкавалася ў газеце “Наша ніва”. У 1913 г. гурткоўцамі выдадзены лацінкай на беларускай мове літаратурны альманах “Kołas biełaruskaj niwy” (“Колас беларускай нівы”), куды ўвайшлі між іншага творы Л. Сівіцкай (пад псеўд. Шара Пташка), яна ж была аўтарам уступнага артыкула. З 1915 г. у Мінску. Працавала сакратаркай у Мінскім аддзеле Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны, Беларускім нацыянальным камітэце, у Цэнтральнай радзе беларускіх арганізацый, Беларускай сацыялістычнай грамадзе. З 1923 г. у Вільні. У 1924—1929 гг. працавала адміністратарам рэдакцыі газет Беларускай сялянска-работніцкай грамады, у 1927—1931 гг. рэдактар дзіцячага часопіса “Заранка”, пісала для яго апавяданні, а ў 1934—1935 гг. дзіцячага часопіса “Пралескі”, у 1928—1939 гг. старшыня Беларускага кааператыўнага таварыства “Пчала”, адначасова (1934—1938) рэдактар пчалярскага часопіса “Беларуская борць” (Вільня). Друкавала свае творы ў часопісах “Шлях моладзі”, “Студэнцкая думка”, дзе выступала разам з Н. Арсенневай. Прафесійна займалася батанікай і пчалярствам. Свае артыкулы па сельскай гаспадарцы, пчалярству і агародніцтву друкавала таксама ў газетах “Беларуская ніва” і “Народная справа”, а парады на гэтыя тэмы ў Віленскіх беларускіх адрыўных календарах, якія яна выдавала з 1926 да 1939 гг. У канцы 1980-х вакол Зоські Верас гуртавалася беларуская інтэлігенцыя Вільні. У 1988 г. разам з зяцем Лявонам, сынам Антона Луцкевіча стварылі спачатку клуб “Сябрына”, а 4 лютага 1989 г. заснавалі Таварыства беларускай культуры ў Літве. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1982.
Пахаваная на могілках Панарай, Вільня, Літоўская Рэспубліка.
Дэбютавала ў 1907 г. (часопіс “Подснежник”, Кіеў). На беларускай мове выступіла з “абразкамі” пад псеўданімам Мірко ў 1911 г. (газета “Наша ніва”). У час эвакуацыі ў Мінску пісала вершы, лірычныя абразкі. Аўтар “Беларуска-польска-расейска-лацінскага батанічнага слоўніка” (Вільня, 1924), брашуры “Гісторыя ўжывання зёлак у лячэнні” (Вільня, 1934), кнігі вершаў і апавяданняў для дзяцей “Каласкі” (Мінск, 1985). Напісала ўспаміны пра М. Багдановіча (“Пяць месяцаў у Менску”), У. Галубка, Ядвігіна Ш. і інш. Для дзіцячага тэатра з украінскай мовы пераклала п’есы Р. Завадовіча “Князь Марцыпан” (Вільня, 1929), Ю. Ігарава “Сірата” (Вільня, 1929), з рускай — “Лясныя хаткі” В. Біянкі (Вільня, 1931). Выдадзеныя кнігі лістоў і ўспамінаў З. Верас “Я помню ўсё” (Гародня, Wrocław, 2013) і “Пакуль рука пяро трымае” (Мінск, 2015). У 2015 г. у Мінску выйшлі Выбраныя творы.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 318).