Вераніцын Канстанцін

Вераніцын Канстанцін Васілевіч (13.6.1834, Астраўляны Віцебскага пав. Віцебскай губ., цяпер Гарадоцкі р-н — 26.8.1903, Лясны ўчастак, прыгарад Пецярбурга). Паэт, аўтар паэмы “Тарас на Парнасе”. 

Паходзіў з прыгонных сялян памешчыкаў Бондыравых, прозвішча яго было Васільеў (або Васілёў), атрымаўшы вольную ў 1851 г. прыпісаўся да гарадоцкіх мяшчан і ўзяў прозвішча Вераніцын. Вучыўся ў Гарадоцкім прыходскім вучылішчы, Віцебскай гімназіі (1845—1852), Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі (1852—1854). У 1857 г. як пансіянер Вольнага эканамічнага таварыства паступіў у Горы-Горацкі земляробчы інстытут адразу на трэці курс. У 1859 г. выдатна (у пераліку выпускнікоў быў першым) скончыў інстытут са званнем агранома, абараніў дысертацыю “О белорусском хозяйстве”. Некаторы час працаваў кіраўніком прыватнага маёнтка. У 1863—1874 гг. жыў і працаваў у Пецярбургу ў губернскай па сялянскіх справах установе і Галоўным таварыстве расійскіх чыгунак. У 1874—1879 гг. працаваў выкладчыкам прыродазнаўства, геаграфіі і гісторыі ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. З 1880 г. служыў у Пецярбургу ў апараце Міністэрства шляхоў зносін. У 1900 г. выйшаў у адстаўку ў чыне стацкага саветніка.

Пахаваны на Мітрафаніеўскіх могілках Санкт-Пецярбурга, РФ. У 2001 г. на радзіме К. Вераніцына ў Астраўлянах і Гарадку пастаўлены мемарыяльныя знакі.

Аўтар сатырычных паэм “Тарас на Парнасе” і “Два д’яўлы” (рукапіс, Масква, 1860).