Верабей Анатоль

Верабей Анатоль Леанідавіч (нар. 10.8.1950, в. Вайнілавічы, Мастоўскі р-н Гродзенскай вобл.). Літаратуразнаўца. Сябра СП з 1988 г.

Закончыў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1972). У 1972—1974 гг. працаваў навуковым супрацоўнікам Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа АН БССР. Пасля заканчэння аспірантуры пры Інстытуце літаратуры імя Янкі Купалы АН БССР (1974), у 1977—1990 гг. навуковы супрацоўнік гэтага інстытута. З 1990 г. дацэнт кафедры беларускай літаратуры Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кандыдат філалагічных навук. Сябра СП СССР з 1988 г.

У друку выступае з 1976 г. як крытык і літаратуразнавец. Аўтар прац “Паэзія Максіма Танка” (Мінск, 1983), “Максім Танк і польская літаратура” (Мінск, 1984), “Жывая повязь часоў; Нарыс творчасці Уладзіміра Караткевіча” (Мінск, 1985), “Беларуска-рускі паэтычны ўзаемапераклад 20-30-х гадоў” (Мінск, 1990), “Абуджаная памяць: нарыс жыцця і творчасці Уладзіміра Караткевіча” (Мінск, 1997), “Уладзімір Караткевіч: жыццё і творчасць” (Мінск, 2005), “Блізкае і дарагое: выбраныя артыкулы пра Уладзіміра Караткевіча” (Мінск, 2020).