Вечар Алесь (Аляксандр) Сцяпанавіч (псеўд. Алесь Раніца, 25.3.1905 в. Машчыцы, цяпер Слуцкі р-н Мінскай вобл. — 4.4.1985, Мінск). Паэт, вучоны-біёлаг. Сябра СП з 1978 г.
Нарадзіўся ў шматдзетнай сялянскай сям’і. Пачатковую адукацыю атрымаў у Слуцку. У 1923 г. паступіў у Слуцкі сельгастэхнікум. У 1925—1929 гг. студэнт агранамічнага факультэта Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі (Горкі). Быў адным з кіраўнікоў Аршанскай філіі “Маладняка”, у 1928—1930 гг. узначальваў Мінскую філію БелАПП. У 1930—1931 гг. працаваў выкладчыкам у Гарадоцкім тэхнікуме механізацыі сельскай гаспадаркі. У 1931 г. паводле абвінавачання ў прыналежнасці да кулацкай сям’і выключаны з КП(б)Б. У пошуках працы выехаў за межы Беларусі. У 1932—1933 гг. аграхімік Сочынскай заалагічнай даследчай станцыі. У 1933 г. вярнуўся ў Беларусь. Быў арыштаваны, але неўзабаве вызвалены. З 1933 г. працаваў у НДІ харчовай прамысловасці БССР. З 1937 г. у Інстытуце харчовай прамысловасці ў Краснадары. З 1959 г. загадчык лабараторыяй біяхіміі раслін, з 1970 г. — лабараторыяй біяхіміі і малекулярнай біялогіі ў Інстытуце біялогіі АН БССР, з 1970 г. у Інстытуце эксперыментальнай батанікі АН БССР. Доктар біялагічных навук, прафесар (1951). Акадэмік АН БССР (1966). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі (1975). Аўтар больш за 420 навуковых прац па біялогіі, у тым ліку 6 манаграфій і 10 вынаходніцтваў. Узнагароджаны ордэнам Дружбы народаў (1981), медалямі. Сябра СП БССР з 1978 г.
Пахаваны на Усходніх могілках Мінска.
Першы верш апублікаваў у 1926 г. у часопісе “Аршанскі маладняк”. У 1926—1931 гг. публікаваўся на старонках часопіса “Полымя”, у газеце “Савецкая Беларусь” і іншых друкаваных выданнях. Аўтар зборнікаў вершаў “Кола дзён” (Менск, 1930), “Зварот да слова” (Мінск, 1977).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі (фонд 48).