Вярба Вера, сапр. Сакалова Гертруда Пятроўна. (14.1.1942, в. Высокі Гарадзец, Талачынскі р-н Віцебскай вобл. — 15.7.2012, Мінск). Паэтка. Сябра СП з 1964 г.
Закончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1964). У 1969—1971 гг. працавала ў аддзеле прапаганды літаратуры Упраўлення кніжнага гандлю Дзяржкамітэта Савета Міністраў БССР па друку, у 1972—1977 гг. у рэдакцыі газеты “Літаратура і мастацтва”, у 1980—1983 гг. у часопісе “Беларусь”. Сябра СП СССР з 1964 г.
З першымі вершамі выступіла ў друку ў 1958 г. (часопісы “Полымя”, “Вясёлка”, “Работніца і сялянка”). Аўтарка зборнікаў паэзіі “Вочы вясны” (Мінск, 1962), “Белыя пісьмы” (Мінск, 1967), “Высакосны год” (Мінск, 1969), “Парус на лугу” (Москва, 1971), “Сіняя бухта” (Мінск, 1975), “Альфа” (Мінск, 1978), “Снежная горка” (Москва, 1978), “Мая маленькая планета” (Мінск, 1982), “Яраслаўне” (Мінск, 1986), “Апошні верасень” (Мінск, 1995). Выйшла кніжка вершаў для дзяцей “Пралеска” (Мінск, 1968). У 1976 г. выйшла “Выбранае”, у 1987 г. — кніжка выбранай паэзіі “Белыя пісьмы”. Яе верш “Ручнікі” (музыка М.Пятрэнкі) стаў папулярнай песняй. Пераклала на беларускую мову аповесць Р.Фраермана “Дзікі сабака Дзінга, альбо Аповесць пра першае каханне” (1975).
Некаторыя дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 55 — Збор дакументаў дзеячаў літаратуры).