Выдавецтва Gutenberg Publisher анансавала выхад антыўтапічнага раману Яўгена Анашкіна “Норадрэналін”. Цяпер кнігу можна перадзамовіць па больш выгаднай цане праз сайт выдавецтва. Выхад твору пра адну з магчымых будучыняў чалавецтва, непазбежнасць наступстваў і адказнасць чакаецца 20 траўня.
У пераліку жанраў першай кнігі (з пяці меркаваных) называюцца антыўтопія, дэтэктыў, псіхалогія, трылер і sci-fi.
“У мегаполісе будучыні навука ўмее значна больш, чым раней: аўтаматычна і незаўважна для пацыента лячыць складаныя хваробы, падаўжаць жыццё, рэгуляваць стан чалавека на ўзроўні гармонаў. Здароўе і стабільнасць падтрымліваюцца — разам з прадказальнасцю паводзін.
Галоўны герой працуе ў структуры, што стаіць вышэй за паліцыю, і займаецца няшчасцямі, якіх немагчыма было пазбегнуць. Яго зона адказнасці — агрэсіўныя злачынствы і ліцэнзіі на забойства, — гаворыцца ў анатацыі да рамана. — Ён чалавек рацыянальнага выбару. Гэтая рацыянальнасць не проста рыса характару. Гэта амаль метафара сістэмы, у якой любое рашэнне можна апісаць як задачу з вядомымі параметрамі.
Але ці можна ўкласці мараль у лагічныя схемы? І што застаецца ад чалавека, калі ён можа апраўдаць логікай любы выбар? Старая нядобрая дылема ваганеткі”.






