Вялюгін Анатоль Сцяпанавіч (27.12.1923, в. Машканы, Сенненскі р-н Віцебскай вобл. — 24.10.1994, Мінск). Паэт, перакладчык, кінасцэнарыст. Сябра СП з 1946 г.
Нарадзіўся ў сям’і фельчара. У 1939—1940 гг. будучы студэнтам літаратурнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута, працаваў у рэдакцыі газеты “Звязда”. З верасня 1941 г. вучыўся ў Свярдлоўскім педагагічным інстытуце. У 1942 г. прызваны ў Чырвоную Армію, вучыўся ў Лугінскай авіяшколе, удзельнічаў у баях на Сталінградскім фронце. У 1943 г. быў паранены, доўгі час знаходзіўся на лячэнні ў шпіталі. У 1945—1946 гг. літсупрацоўнік у газеце “Літаратура і мастацтва”. У 1948 г. закончыў завочна Мінскі педагагічны інстытут. Працаваў у прэсе, у 1946—1984 гг. з невялікімі перапынкамі працаваў рэдактарам аддзела паэзіі часопіса “Полымя”. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1946. Заслужаны дзеяч культуры БССР (1969). Узнагароджаны ордэнамі Айчыннай вайны I ступені, “Знак Пашаны” і медалямі. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы (1964), Дзяржаўнай прэміі БССР (1968).
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Друкаваўся з 1934 г. Аўтар зборнікаў вершаў “Салют у Мінску” (Мінск, 1947), “Негарэльская арка” (Мінск, 1949), “На подступах” (Мінск, 1952), “На зоры займае” (Мінск, 1958), “Насцеж” (Мінск, 1960), “Адрас любві” (Мінск, 1964), “Вершы і балады” (Мінск, 1969), “Верасовы ўзятак” (Мінск, 1974), “Песня зялёнага дуба” (Мінск, 1989), “3 белага камення — сіняе пламенне” (Мінск, 1993), “Заклён на скрутны вір” (Мінск, 1995), паэмы “Вецер з Волгі”, (Мінск, 1963; па-руску: Мінск, 1965, па-ўкраінску: Кіеў, 1970), паэтычных зборнікаў для дзяцей “Галубы” (Мінск, 1949), “Тры гудкі” (Мінск, 1951), “Рыбы нашых рэк” (Мінск, 1952), “Дзіцячы сад” (Мінск, 1954), “Вада і вуда” (Мінск, 1967). Па яго сцэнарыях пастаўлены мастацкі двухсерыйны тэлефільм “Рэха ў пушчы” (1977), мастацкі фільм “Глядзіце на траву” (1985) і 40 дакументальных фільмаў. У перакладзе на беларускую мову асобнымі выданнямі выйшлі: М. Лермантаў “Каўказскі палоннік” і “Баярын Орша” (Мінск, 1950), Ю. Тувім “Падарунак дзецям” (разам з С. Дзяргаем, Мінск, 1956), Э. Межэлайціс “Паэма братэрства” (з М. Калачынскім, Мінск, 1958); кнігі для дзяцей П. Варанько “Хлопчык Памагай” (Мінск, 1958), Д. Белавус “Птушыныя галасы” (Мінск, 1960); паэмы М. Нагнібеды “Званы Хатыні” (Мінск, 1973) і “Матулям з Расон” (Мінск, 1979).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі (фонд 55).