Вішнеўскі Мікола Аляксеевіч (28.3.1910, Гомель — 17.3.1986, Мінск). Празаік. Сябра СП з 1952 г.
Нарадзіўся ў сям’і рабочага. У 1931 г. скончыў Менскі беларускі педагагічны тэхнікум і стаў працаваць у газеце “Звязда”. У 1932—1933 гг. вучыўся ва Усесаюзным інстытуце кінематаграфіі, потым зноў працаваў у “Звяздзе”. У 1939 г. накіраваны на працу ў вілейскую абласную “Сялянскую газету”. На пачатку Вялікай Айчыннай вайны служыў у будаўнічым батальёне, потым у рэдакцыях франтавой газеты “За свабодную Беларусь”, сатырычнага лістка “Партызанская дубінка”. З лістапада 1942 г. спецкарэспандэнт газеты “Савецкая Беларусь”, з 1944 г. загадчык сельскагаспадарчага аддзела, уласны карэспандэнт газеты “Звязда”, а ў 1952—1967 гг. намеснік галоўнага рэдактара часопіса “Сельская гаспадарка Беларусі”. Сябра СП СССР з 1952 г. Узнагароджаны ордэнам “Знак Пашаны” і медалямі.
Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
З першым нарысам выступіў у 1933 г. (газета “Звязда”). Першае апавяданне апублікаваў у 1941 г. (газета “Звязда”). Аўтар зборнікаў апавяданняў і нарысаў “Майстар конегадоўлі” (Мінск, 1939), “Герой Сацыялістычнай Працы Еўдакія Кухарава” (Мінск, 1948) і “Скарб зямлі” (Мінск, 1951). Аўтар шэрагу навукова-папулярных і вучэбных фільмаў (“Трактар «Беларусь”, 1955; “Залатое дно”, 1962; “Жывы канвеер”, 1964; “Севазвароты на Беларусі”, 1966 і інш.).