Вішнеўская Наталля Вячаславаўна (3.5.1907, Коўна, цяпер Каўнас, Літва — 1.5.1989, Ленінград, цяпер Санкт-Пецярбург, Расія). Паэтка.
У час Першай сусветнай вайны з бацькамі была ў эвакуацыі ў Самарскай губерні. Пасля грамадзянскай вайны жыла з бацькамі на Случчыне. Пачала пісаць вершы. З дапамогай Якуба коласа стала студэнткай Менскага беларускага педагагічнага тэхнікума (1924) і сябрам літаратурнага аб’яднання “Маладняк”, у першым з’ездзе якога ўдзельнічала ў 1925 г. У 1928 г. узяла шлюб з паэтам Алесем Дударом, якога неўзабаве арыштавалі і выслалі ў Смаленск. У 1929 г. паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, але ў 1930 г. з’ехала ў Маскву. Працавала ў беларускай секцыі Дзяржаўнага выдавецтва народаў СССР, газеце “Гудок”, дзе рэдагавала беларускую старонку. У Маскве пазнаёмілася з сваім другім мужам Алесем Звонакам. У 1934 г. вярнулася ў Менск. У 1936 г. яе выклікалі на допыты па справах Алеся Дудара і Алеся Звонака. Арышту пазбегла, разам з маці з’ехала ва Украіну, а ў 1938 г. — у Ленінград, дзе выйшла замуж трэці раз за беларускага паэта Янку Бобрыка. З 1942 г. была ў эвакуацыі ў Горкаўскай вобласці. У 1945 г. вярнулася ў Ленінград, працавала бібліятэкаркай. Выгадавала двух дзетдомаўскіх хлопцаў. З 1962 г. была на пенсіі.
Памерла і пахаваная ў Санкт-Пецярбургу.
Вершы пачала пісаць на Случчыне. Публікавалася з 1926 г. Была адной з аўтарак (разам з З. Бандарынай і Я. Пфляўмбаўм) зборніка “Вершы”, які пабачыў свет у Менску ў 1926 г. у серыі “Кніжніца “Маладняка”. Публікавалася на старонках перыёдыкаў “Маладняк”, “Савецкая Беларусь”. У 2023 г. у Мінску быў выдадзены зборнік вершаў, прозы і эпісталярнай спадчыны “Неба мнагавокае”, укладзены Віктарам Жыбулем.