Ватацы Ніна Барысаўна (14.5.1908, г. Вендэн, цяпер г. Цэсіс, Латвія — 3.8.1997, Мінск). Крытык, літаратуразнаўца. Сябра СП з 1979 г.
Закончыла Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (1930). З 1930 г. працавала ў Дзяржаўнай бібліятэцы БССР (з 1945 г. галоўны бібліёграф). Заслужаны дзеяч культуры БССР (1963).
Памерла і пахаваная ў Мінску (калумбарый Паўночных могілак).
Друкавалася з 1932 г. Асноўныя працы па беларускай літаратуры і літаратуразнаўстве. Адшукала і апублікавала невядомыя тэксты, аўтографы і фотаздымкі М. Багдановіча. Аўтар кнігі “Беларуская літаратура і работа з ёю ў масавых бібліятэках” (Мінск, 1958), складальніца зборніка успамінаў і біяграфічных матэрыялаў пра Максіма Багдановіча “Шлях паэта” (Мінск, 1975), бібліяграфічнага паказальніка твораў, аўтографаў і крытычнай літаратуры “Максім Багдановіч” (Мінск, 1977), бібліяграфій “Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі (1917―1960)” (Мінск, 1962), “Беларускае літаратуразнаўства і крытыка (1945―1963)” (Мінск, 1964), “Беларуская савецкая драматургія” (Мінск, 1966), “Мастацкая літаратура Савецкай Беларусі (1961―1968) ” (Мінск, 1971).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Навукова-даследчым аддзеле кнігазнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (фонд 2.).