Васілёнак Яўген Пятровіч (26.12.1917, Орша, Віцебская вобл. — 23.9.1973, Мінск). Празаік, паэт, перакладчык. Сябра СП з 1953 г.
У 1934—1935 гг. вучыўся ў Магілеўскім педагагічным інстытуце на літаратурным факультэце. Працаваў у Шклоўскай раённай газеце “Прамень камунізму”, у рэдакцыях раённых і гарадскіх газет Барысава, Багушэўска, Оршы. У 1939 г. накіраваны на журналісцкую працу на Далёкі Усход (працаваў у Хабараўску, Усурыйску, Уладзівастоку). У 1943—1945 гг. у Савецкай Арміі, служыў у рэдакцыі дывізійнай газеты “Баец-патрыёт”, у 1945—1948 гг. карэспандэнт маскоўскай газеты “Гудок” у Алма-Аце. З 1948 г. жыў у Мінску, працаваў рэдактарам БелТА, карэспандэнтам газеты “Труд” па Беларускай ССР, загадчыкам аддзела публіцыстыкі часопіса “Маладосць”. У 1958—1966 гг. галоўны рэдактар часопіса “Нёман”.
Пахаваны на Чыжоўскіх могілках Мінска.
Першыя вершы апублікаваў у 1936 г., потым прозу ў 1939 г. Аўтар зборнікаў аповесцей і апавяданняў “Зялёныя агні” (Мінск, 1954), “Прызванне” (Мінск, 1956), “Выпадковы прыпынак” (Мінск, 1957), “Розныя дарогі” (Мінск, 1957), “Тацяна Ларына” (Мінск, 1964), “Вячэрняя размова” (Мінск, 1968), “Забыты вензель” (Мінск, 1970), “На перагоне” (Мінск, 1973), п’есы “Каралеўскі гамбіт” (Мінск, 1959). У 1977 г. у Мінску выдадзеныя “Выбраныя творы” ў 2 тамах.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 216), аддзеле рэдкіх кніг і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі НАН Беларусі (фонд 8).