Васілёк (Касцевіч) Міхась Восіпавіч (псеўд. Язэп Гром, 14.11.1905 в. Баброўня, цяпер Гродзенскі р-н Гродзенскай вобл. — 3.9.1960, Гродна). Паэт. Сябра СП з 1945 г.
Нарадзіўся ў сям’і лесніка, пляменнік Макара Касцевіча (Краўцова). Сярэднюю адукацыю атрымаў у 1921 г. у расійскім Казлове (Мічурынску), дзе разам з бацькамі быў у бежанстве. У 1922 г. вярнуўся на радзіму. Уступіў у Беларускую сялянска-работніцкую грамаду. Арганізоўваў гурткі Таварыства беларускай школы. За ўдзел у рэвалюцыйным руху неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі. У 1939 г. быў мабілізаваны ў польскае войска, у час баёў трапіў у нямецкі палон. У жніўні 1941 г. уцёк з палону, дабраўся да родных мясцін і ўключыўся ў падпольную барацьбу. Кіраваў Скідальскім падпольным антыфашысцкім камітэтам, пад псеўданімам Язэп Гром выступаў у партызанскім друку. Пасля вызвалення працаваў у скідальскай раённай газеце “Чырвоны сцяг” (1944—1946), пазней — у абласной газеце “Гродзенская праўда”.
Пахаваны на могілках г. Гродна, на вул. Антонава. У Горадні імем паэта названа вуліца, на якой стаяў яго дом.
У друку выступаў з 1926 г. у віленскіх выданнях. Аўтар зборнікаў паэзіі “Шум баравы” (Вільня, 1929), “З сялянскіх ніў”, (Вільня, 1929), “Выбраныя вершы” (Мінск, 1950), “Зоры над Нёманам” (Мінск, 1963). У 1955 г. у Мінску выдадзеныя Выбраныя творы.
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 2).