Васілевіч Алена Сымонаўна (22.12.1922, засценак Даманшчына, цяпер вёска Ліпнікі, Слуцкі р-н, Мінская вобл. — 8.8.2021, Мінск). Празаік. Сябра СП з 1947 г.
Нарадзілася ў сям’і ляснога аб’ездчыка. Засталася без бацькоў на восьмым годзе жыцця. Выхоўвалася ў сваякоў. Закончыла літаратурны факультэт Рагачоўскага настаўніцкага інстытута (1941). У час Вялікай Айчыннай вайны працавала бібліятэкаркай у шпіталі, пісаркай страявой часці, начальніцай бібліятэкі. У 1946 г. закончыла філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працавала літкансультанткай у Курскім абласным выдавецтве (1946—1950). З 1950 г. загадчыца аддзела культуры часопіса “Работніца і сялянка”, а ў 1972—1980 гг. загадчыца рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва “Мастацкая літаратура”, у 1981—1983 гг. загадчыца рэдакцыі літаратуры для юнацтва выдавецтва “Юнацтва”. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1978). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1976).
Пахаваная на могілках в. Ліпнікі Слуцкага раёна Мінскай вобласці.
Першы мастацкі твор (аповесць “У прасторах жыцця”) надрукавала ў 1947 г. (часопіс “Беларусь”). Аўтар аповесцяў “Шляхі-дарогі” (Мінск, 1950), кніг апавяданняў “Блізкія знаёмыя” (Мінск, 1954), “Заўтра ў школу” (Мінск, 1956), “Сябры” (Мінск, 1958), “Апавяданні” (Мінск, 1959), “Падслухала сэрца” (Мінск, 1960), “Калінавая рукавічка” (Мінск, 1963), “Я з вамі” (Мінск, 1964), “Пісар страявой часці” (Мінск, 1969), “Адно імгненне” (Мінск, 1975; па-руску: Масква, 1977), “Шурка Рэмзікаў” (Мінск, 1985), “Хто дурань?..” (Мінск, 1994), “Першая жонка нябожчыка” (Мінск, 2002), “Горкі ліпавы мёд” (Мінск, 2011), “Вернісаж” (Мінск, 2018), зборніка апавяданняў і аповесцей “Мыс Добрай Надзеі” (Мінск, 1977; па-руску: Масква, 1982). На аўтабіяграфічным матэрыяле напісана тэтралогія “Пачакай, затрымайся…”, якую склалі аповесці “Расці, Ганька” (Мінск, 1966; па-руску: Москва, 1968), “Доля знойдзе цябе” (Мінск, 1968), “Новы свет” (Мінск, 1968), “Пачакай, затрымайся…” (Мінск, 1970; па-руску: Москва, 1972; па-ўкраінску: Кіеў, 1982). Аўтар кніг эсе “Люблю, хвалююся, жыву” (Мінск, 1986), і “Элегія” (Мінск, 1988). Выдадзеныя Выбраныя творы ў 3 тамах (Мінск, 1982—1983) і Выбраныя творы ў адным томе (Мінск, 2010). Пераклала на беларускую мову аповесць М. Стэльмаха “Гусі-лебедзі ляцяць” (Мінск, 1975), раман Д. Дэфо “Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза” (Мінск, 1976), аповесць Г. Башырава “Зялёная мая калыска” (Мінск, 1981).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 204).