Васілеўскі Даніла Мінавіч (17.12.1889, в. Новае Сяло, цяпер Шумілінскі р-н Віцебскай вобл. — 28.12.1963, Феадосія, Крым, Украіна). Краязнаўца, літаратуразнаўца.
Пасля заканчэння школы працягваў вучобу ў Полацкай настаўніцкай семінарыі, дзе ўпершыню пазнаёміўся з беларускай літаратурай і нацыянальна-культурным рухам. Там увайшоў у гурток “Вястун ведаў”, што знаходзіўся пад уплывам народніцкіх і сацыял-дэмакратычных ідэй. З 1910 г. пачаў збіраць фальклор на Полаччыне. Працягваў адукацыю ў Віцебскім настаўніцкім інстытуце. У час вучобы пачаў супрацоўнічаць з віцебскімі выданнямі. Па заканчэнні інстытута працаваў школьным настаўнікам у розных мясцінах губерні, распаўсюджваў беларускую мову і знаёміў моладзь з беларускай літаратурай. Дасылаў свае допісы ў часопіс “Школа и жизнь” (псеўданім М. Доброведовский) і ў газету “Наша ніва” (псеўданімы Шчыры і Вітэнь Д.). З 1919 г. быў інструктарам школ на Віцебшчыне. Працаваў у Полацкім таварыстве па вывучэнні мясцовага краю. У 1921 г. пераехаў у Оршу, дзе займаў пасаду інспектара народнай асветы горада. У 1920-я гг. актыўна далучыўся да краязнаўчага руху: у 1923 г. арганізаваў Віцебскае губернскае бюро краязнаўства, з 1924 г. намеснік старшыні Аршанскага акруговага таварыства краязнаўства. У 1925 г. стаў кандыдатам Аршанскага філіяла “Маладняка”. З 1930 г. у Магілёве, выкладчык і першы дэкан геаграфічнага факультэта Магілёўскага педінстытута. Удзельнік раскопак верхнепалеалітычнай стаянкі Бердыж. У 1931 г. выключаны з партыі. Разам з групай іншых выкладчыкаў і навукоўцаў абвінавачаны ў прыналежнасці “к контрреволюционной нацдемовской контрабанде в процессе преподавания”. Арыштаваны 9.12.1936, высланы ў Котлас. Потым працаваў буравіком у Варкуце. Пасля вызвалення з 1945 г. тэхнік-геолаг у Варкуце. Рэабілітаваны ў 1956. Апошнія гады жыў у Феадосіі.
Пахаваны на могілках у Феадосіі, Крым, Украіна.
Выступаў у друку з 1926 г. (зборнік “Аршаншчына”). Даследаваў гісторыю рэвалюцыйнага руху, беларускай літаратуры XIX ст., беларускага кнігадрукавання, развіцця мясцовай прэсы, краязнаўчыя, гістарычныя, этнаграфічныя і сацыяльна-эканамічныя праблемы. Аўтар шматлікіх літаратуразнаўчых і краязнаўчых артыкулаў ў часопісах “Асвета”, “Маладняк”, “Наш край”, “Полымя”, “Придвинский край”, зборніку “Працы навуковага таварыства па вывучэнню Беларусі”, газеце “Советская Белоруссия”.