Варатынская Галіна Аляксандраўна (нар. 21.1.1953, в. Ваўчо, Ушацкі р-н Віцебскай вобл.). Паэтка. Уваходзіла ў сябры СБП.
Закончыла завочна Беларускі дзяржаўны універсітэт (1980). У 1972—1974 гг. была бібліятэкарам Арэхаўскай сельскай бібліятэкі. У 1974 г. пачала працаваць ва ўшацкай раённай газеце “Патрыёт”. Была старшынёй раённай Рады Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны. Узначальвае літаратурнае аб’яднанне пры ўшацкай раённай газеце, а таксама клуб творчых сустрэч пры Ушацкім раённым Доме культуры.
Старшакласніцай стала пісаць вершы, публікаваць іх у раённай газеце. Аўтарка паэтычных зборнікаў “З будзённасці ўзляцець…” (Мінск, 1995), “Не спужайце снегіра…” (Мінск, 2017), “Тапчу зямное каблучком” (Мінск, 2019).