Варанец Віктар Іванавіч (нар. 18.4.1962, Гродна). Лінгвіст, празаік, педагог. Уваходзіў у сябры СБП.
Скончыў філалагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы (1985). У 1982—1983 гг. разам з Юрыем Камягіным выдаваў машынапісны часопіс “Містыка”. Працаваў настаўнікам беларускай мовы, завучам у Раціцкай сярэдняй школе Гродзенскага раёна. У 1990—1992 гг. выкладаў беларускую мову ў Гродзенскай гімназіі № 1. У 1992 г. пачаў працаваць у Гродзенскім медыцынскім універсітэце на кафедры рускай і беларускай моў, некаторы час быў намеснікам дэкана медыка-псіхалагічнага факультэта па вучэбнай рабоце. Кіраўнік універсітэцкага літаратурнага аб’яднання “Катарсіс”. Быў прызнаны Чалавекам года Гарадзеншчыны (2012).
Займаецца пытаннямі беларускай медыцынскай тэрміналогіі. Аўтар некалькіх вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, шэрагу артыкулаў па пытаннях беларускай тэрміналогіі. Выдаў “Русско-белорусский медицинский словарь” (2005), першы “Руска-беларускі тлумачальны слоўнік медыцынскіх тэрмінаў” (2012) і інш. Складальнік і сааўтар літаратурных зборнікаў “Вечныя канікулы”, “Гіпакратавы ваганты”, “Вечар пятніцы”, “Менестрэлі Асклепія”. Аўтар зборніка паэзіі і прозы “Рамізнік”. З’яўляецца аўтарам гімна Гродзенскага медыцынскага ўніверсітэта.