Валкадаеў Пётр Іванавіч (22.11.1911 в. Кажамякі, Самарская губерня, Расія — 4.11.1973, Мінск). Паэт. Сябра СП з 1949 г.
У 1929 г. стаў працаваць трактарыстам у калгасе. Скончыў літаратурны факультэт Куйбышаўскага педагагічнага інстытута (1936), два гады працаваў дырэктарам сярэдняй школы ў Кінель-Чаркасах. У 1939 г. прызваны ў Савецкую Армію. Служыў у якасці інструктара-літаратара дывізіённай газеты “Новый путь”. У 1941 г. удзельнічаў у баях на Заходнім фронце, быў кантужаны, у 1942—1944 ггг. — у партызанскім атрадзе № 122 на Магілёўшчыне. Пасля вайны працаваў у рэдакцыях газет “Советская Белоруссия”, “Настаўніцкая газета”, “Сталинская молодежь”, карэспандэнтам “Литературной газеты”. Сябра Саюза пісьменнікаў СССР з 1949 г. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі і медалямі
Пахаваны на Чыжоўскіх могілках Мінска.
Пісаў на рускай мове. Першы верш быў надрукаваны ў 1934 г. у часопісе “Волжская новь”. Аўтар паэмы “Чандра” (Минск, 1952), зборнікаў вершаў “Родная сторона” (Минск, 1950), “Зеленая пристань” (Минск, 1960), “Ливень” (Минск, 1967), “Далекие сполохи” (Минск, 1981), кніг нарысаў “Строители” (Минск, 1956), “Механізатар Андрэй Худзякоў” (Минск, 1961), “Ветеран” (Минск, 1963), кніжкі для дзяцей “Егоркины рапорты” (Минск, 1958) і аповесці “Чей мальчишка? ” (Минск, 1961).
Дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 74).