У Вільні пры падтрымцы Інстытута літоўскай мовы выйшла манаграфія польскага беларусіста Міраслава Янковяка “Сучасныя беларускія гаворкі ў Літве. Том 2: Шальчынінкайскі раён”, піша Рэформ. Кніга выдадзеная на польскай мове, змяшчае рэзюмэ на ангельскай і літоўскай.
У першым томе разглядаліся беларускія дыялекты, якія выкарыстоўваюцца ў паўднёвай частцы краіны (Варэнскі раён). Гэты том знаёміць чытача з Шальчынінкайскім раёнам, у якім разам з Віленскай акругай фіксуецца гістарычна даволі аднастайны і моцна паланізаваны шэраг беларускіх дыялектаў. З беларускага боку Шальчынінкайскі (або Салечніцкі) раён мяжуе з Воранаўскім, Іўеўскім і Ашмянскім раёнамі Гарадзенскай вобласці.
Як і першая манаграфія, прысвечаная Варэнскаму раёну Літвы, новая кніга змяшчае нарыс пра сацыялінгвістычную сітуацыю ў рэгіёне і ўласна характарыстыку мясцовых беларускіх гаворак (фанетыка, марфалогія, сінтаксіс, лексіка). Важныя складнікі выдання — тэматычны слоўнік, свежыя дыялектныя тэксты і фотаздымкі.
Усяго ў гэтай серыі плануецца шэсць тамоў. Манаграфіі пра Варэнскі і Шальчынінкайскі раёны ўжо выйшлі, наперадзе — падобныя даследаванні пра Віленскі, Тракайскі, Швянчонскі ды Ігналінскі раёны.
Выданне можна набыць у кнігарні Інстытута літоўскай мовы (P. Vileišio g. 5, Vilnius).


![Шапран выдаў манаграфію “Быкаў. [Пра] мастацтва”](https://bellit.info/wp-content/uploads/2026/07/746003003_3461470060687041_6784350007652796489_n-90x60.jpg)



