Валасюк Лявон

Валасюк Лявон Фёдаравіч (нар. 13.12.1955, в. Песцянькі, Кобрынскі р-н Брэсцкай вобл.). Паэт, празаік, мастак. Уваходзіў у сябры СБП.

Скончыў архітэктурны факультэт Брэсцкага інжынерна-будаўнічага інстытута (1981). Працаваў на розных пасадах у абласным навукова-метадычным цэнтры культасветработы і народнай творчасці, мастаком-дызайнерам на розных прадпрыемствах. Працуе ў галіне станковага жывапісу і графікі, дызайна інтэр’ераў і экстэр’ераў. Асноўныя творы: размалёўкі ў Жабінкаўскай раённай бальніцы, жывапіснае афармленне інтэр’ераў у Брэсцкім ЦУМе, інтэр’еры ў гасцініцы “Інтурыст”, палотны “Адзіноцтва”, “Камянецкія валуны”, “Вяртанне Берасцейскай стралы”, “Чырвонае воблака”, “Партрэт маладога чалавека ў брылі”, “Партрэт паэта А. Каско”. Таксама займаецца мастацкім афармленнем кніг. Творы знаходзяцца ў Нацыянальным музеі гісторыі і культуры Беларусі, у Брэсцкім мастацкім музеі. Сябра Беларускага саюза мастакоў (2000).

Першы надрукаваны верш з’явіўся ў 1982 г. у абласной газеце “Заря”. Публікаваўся ў газетах “Народная трыбуна”, “Заря”, “Брестский курьер”, “Настаўніцкая газета”, часопісах “Полымя”, “Маладосць”, тыднёвіку “ЛіМ”. Аўтар паэтычных зборнікаў “Блики дня” (Брест, 1999), “Краски души” (Брест, 2000), “Под знаком Стрельца” (Брэст, 2001), “Леаніды” (Брэст, 2003), “Чырвоная вежа” (Брэст, 2004), “Познія сны” (Брэст, 2006), “Знакі на валуне” (Брэст, 2010), кніг прозы “Сцежкі да сядзібы” (Брэст, 2008), “Вяртанне берасцейскай стралы” (Брэст, 2012) “Непрыдуманыя партрэты” (Брэст, 2014). Лаўрэат берасцейскай літаратурнай “Мядовай прэміі” (2008).