Ваданосаў Мікола Міхайлавіч (4.1.1923, г. Мінск — 10.4.2006, в. Ніўкі Чарневіцкага сельсавета Барысаўскага раёна). Празаік. Сябра СП з 1954 г.
Нарадзіўся ў сям’і вайскоўца. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Котава Барысаўскага раёна. У 1939 г. паступіў у Мінскі дарожна-механічны тэхнікум. У Вялікую Айчынную вайну радыст партызанскага злучэння на Маладзечаншчыне. Служыў у Савецкай Арміі, тройчы быў паранены. У 1946—1957 гг. тэхнік ў Беларускім радыёцэнтры. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1959). З 1966 г. — рэдактар выдавецтва “Беларусь”, у 1972—1982 гг. рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура”. Заслужаны работнік культуры Беларускай ССР (1982). Сябра СП СССР з 1954 года. Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны II ступені і медалямі.
Пахаваны у в. Ніўкі Чарневіцкага сельсавета Барысаўскага раёна.
Друкаваўся з 1948 г. Аўтар 29 кніг прозы (дзіцячай і дарослай), некалькіх зборнікаў паэзіі і гумару. Напісаў 8 сцэнарыяў для дакументальнага кіно. Пісаў пераважна для дзяцей (зборнікі апавяданняў “Першае знаёмства” (Мінск, 1954), “Аднагодкі” (Мінск, 1959), “Рачны госць” (Мінск, 1961), аповесці “Пабярэжцы” (Мінск, 1960; па-руску, Минск, 1966), “Апошні вадзянік” (Мінск, 1964), “Хатабыч-малодшы” (Мінск, 1965), “Здарэнне на Сцюдзёнцы”, (Мінск, 1967), “Двайная памылка” (Мінск, 1969), “Эхо” (Минск, 1970), “Жыць, каб змагацца. Цімохава таямніца”, (Мінск, 1978), “Скарб Загорскай камяніцы” (Мінск, 1985), “Канец “Клуба дзікуноў”” (Мінск, 1993). Творы для дарослых: “У Баркоўскай пушчы” (Мінск, 1956), “Пераломнае лета” (Мінск, 1961), “Надзеі і здзяйсненні” (Мінск, 1963; па-руску, Минск, 1979), “Адзінай маці сын” (Мінск, 1968), “Пад чужым паролем” (Мінск, 1971), “Дзе віруе бяроза” (Мінск, 1973), “Дзень — і ўсё жыццё” (Мінск, 1988). Аўтар зборнікаў гумарыстычных апавяданняў “Прынцыповы аратар” (Мінск, 1966), “Сам сябе падвёў” (Мінск, 1973), “Левыя ногі” (Мінск, 1983). Выйшлі Выбраныя творы ў 2-х тамах (1983).
Некаторыя дакументы з асабістага архіва захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (фонд 55 — Зюор архіўных фондаў дзеячаў літаратуры).